«Белыя чувакі за Камалу». Зорка амерыканскага кіно дапамагла Харыс сабраць $4 млн

Пасля кампаній «Чорныя жанчыны за Харыс» і «Белыя жанчыны за Харыс» стартавала кампанія White Dudes for Harris — «Белыя чувакі за Харыс».

31.07.2024 / 15:50

Кадр з фільма «Вялікі Лебоўскі». У аснову пакладзены класічны дэтэктыў Рэйманда Чандлера «Вялікі сон» (1939), але зроблена з яго камедыя.

Джэф Брыджэс дапамог Камале Харыс сабраць больш за чатыры мільёны даляраў на перадвыбарчую кампанію, піша Bild.

Пасля кампаній «Чорныя жанчыны за Харыс» і «Белыя жанчыны за Харыс» стартавала кампанія White Dudes for Harris — «Белыя чувакі за Харыс». У яе аснове — Чувак, культавы персанаж Джэфа Брыджэса з камедыі «Вялікі Лебоўскі» братоў Коэн.

Брыджэс, які дзякуючы гэтай ролі заваяваў мільёны прыхільнікаў па ўсім свеце, сам дапамагаў збіраць грошы для перадвыбарнай кампаніі Камалы Харыс. Як піша выданне Washington Post, амаль 200 тысяч чалавек ахвяравалі Харыс больш за чатыры мільёны даляраў.

У падтрымку Харыс у рамках акцыі «Белыя чувакі за Харыс» таксама выказаліся акцёр Марк Хэміл, які зняўся ў «Зорных войнах», акцёр з фільма «Пачатак» Джозэф Гордан-Левіт, зорка «Уладара пярсцёнкаў» Шон Эстын, а таксама музыка Лэнс Бас з групы 'N Sync.

Неўзабаве пасля паспяховага запуску збор сродкаў на час быў сарваны — рахунак White Dudes for Harris на платформе X Ілана Маска быў раптоўна заблакаваны.

Па даных Washington Post, гэта адбылося з-за «парушэнні нашых правілаў абыходу блакіровак». Праз некаторы час акаўнт аднавілі.

Джэф Брыджэс зняўся таксама ў такіх вядомых карцінах, як «Чалавек з зоркі», «Прэтэндэнт», «Планета Ка-Пэкс», за ролю ў фільме «Вар'яцкае сэрца» ён атрымаў прэмію «Оскар».

Nashaniva.com