Венесуэльскі дыктатар Нікалас Мадура выклікаў Ілана Маска на паядынак. Той пагадзіўся і паставіў умовы

Усё пачалося з таго, што мільярдэр не прызнаў вынікаў сфальсіфікаваных выбараў у Венесуэле.

31.07.2024 / 20:49

Венесуэльскі дыктатар Нікалас Мадура і амерыканскі мільярдэр Ілан Маск. Фота: Matias Delacroix / AP, Dimitrios Kambouris / Getty Images

Венесуэльскі дыктатар Нікалас Мадура абвясціў мільярдэра Ілана Маска сваім «новым заклятым ворагам» і выклікаў таго на паядынак. 

«Я не баюся цябе, Ілан Маск. Давай біцца там, дзе захочаш», — агучыў свой выклік Мадура падчас выступлення на нацыянальным тэлебачанні, перадае выданне New York Post.

Гэтая рэакцыя Мадура адбылася ўслед за публікацыяй Маска ў твітары (X), дзе той абвінаваціў венесуэльскага дыктатара ў «пакутах і смерцях венесуэльскага народа» і заклікаў яго пайсці з прэзідэнцкай пасады.

На сам выклік на паядынак ад Мадура Маск пазней адказаў згодай. Мільярдэр паставіў умову, што калі ў бойцы пераможа ён, то Мадура пакіну ўладу ў Венесуэле, а калі пераможа Мадура, то Маск падорыць палітыку бясплатны білет на Марс.

Нагадаем, што масавыя пратэсты ахапілі Венесуэлу пасля нібыта перамогі цяперашняга кіраўніка краіны Нікаласа Мадура на нядзельных прэзідэнцкіх выбарах (таго ўжо паспяшаўся павіншаваць Аляксандр Лукашэнка).

Улады краіны пасля заканчэння галасавання абвясцілі, што за Мадура прагаласаваў, маўляў, 51% выбаршчыкаў. У той жа час незалежныя апытанні давалі 60% галасоў ягонаму суперніку Эдмунда Гансалесу Уруціа.

Дэманстранты па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Мадура, перакрываюць рух транспарту.

Цяперашнія пратэсты супраць вынікаў выбараў у Венесуэле. Фота: Matias Delacroix / AP

На вуліцах, у тым ліку ў Каракасе, апазіцыянеры ладзяць маршы, у асобных гарадах спрабуюць прарвацца на выбарчыя ўчасткі і зрываюць плакаты з Мадура на рэкламных шчытах. У сталіцы тысячы пратэстоўцаў селі на матацыклы і займаюць дарогі.

Тым часам Венесуэла адклікае сваіх дыпламатаў з краін, якія не прызналі выбары: Аргенціна, Чылі, Перу, Коста-Рыка, Панама, Дамініканская Рэспубліка і Уругвай.

«Перамога ў Беларусі ў 2020-м годзе мела б вялікі палітычны ўплыў на астатнюю Еўропу» — Эн Эплбаўм

Ілан Маск заявіў, што згубіў сына з-за блакатараў палавога выспявання

Як адразу пасля замаху на Трампа сацсеткі запоўнілі тэорыі змовы і пры чым тут Ілан Маск

Nashaniva.com