Першая партыя знішчальнікаў F-16 прыбыла ва Украіну

Больш чым праз год пасля таго, як ЗША пагадзіліся на перадачу Украіне знішчальнікаў F-16, першыя самалёты прыбылі на яе тэрыторыю, піша The Moscow Times. 

31.07.2024 / 20:40

Украінскія тэлеграм-каналы і СМІ пашыраюць гэта фота як нібыта першае, дзе самалёт F-16 зняты ва ўкраінскім небе 

Апошнім тэрмінам дастаўкі быў канец ліпеня, і ён вытрыманы, расказалі агенцтву Bloomberg людзі, знаёмыя з сітуацыяй.

Па словах крыніц, колькасць самалётаў невялікая. Пры гэтым яны не ведаюць, ці змогуць падрыхтаваныя заходнімі краінамі ўкраінскія пілоты адразу прыступіць да баявога дзяжурства, ці на гэта пойдзе яшчэ час.

Пастаўка саміх самалётаў — толькі частка працэсу ўзмацнення ўкраінскіх ВПС. Ён таксама ўключае ў сябе навучанне пілотаў і тэхнічнага персаналу, падрыхтоўку ўзлётна-пасадачных палос і баз для рамонту і абслугоўвання.

Працэс навучання пілотаў F-16 на Захадзе займае каля чатырох гадоў. Пасля гэтага амерыканскія лётчыкі звычайна праводзяць не менш за год у сваім падраздзяленні перад накіраваннем на месца службы, «а гэтыя хлопцы адправяцца адразу ў бой», сказаў The Wall Street Journal амерыканскі чыноўнік пра ўкраінскіх пілотаў.

Паводле інфармацыі The New York Times, пакуль удзельнічаць у баявых вылетах зможа толькі каля дзясятка F-16, да якіх будуць прымацаваныя каля 20 пілотаў, якія прайшлі навучанне.

На думку амерыканскіх вайскоўцаў, найбольш эфектыўнае выкарыстанне F-16 ва Украіне — забеспячэнне падтрымкі з паветра і ліквідацыя наземных пагроз войскам на перадавой. Еўрапейскія ж вайскоўцы лічаць, што F-16 можна выкарыстоўваць для супрацьпаветранай абароны і для таго, каб адсунуць расійскія самалёты далей ад лініі фронту.

Прыбыццё F-16 не вырашыць усіх праблем, гаворыць генерал-маёр Рольф Фоланд, камандуючы Каралеўскіх ВПС Нарвегіі:

«Але, маючы F-16 са зброяй вялікай далёкасці, можна адціснуць далей расійскія ВПС, а гэта самае галоўнае».

ЗША абсталююць самалёты F-16 для Украіны сучаснай зброяй

Галоўнакамандуючы УСУ расказаў пра перавагу Расіі ў тэхніцы і акрэсліў, што рабіць украінцам

Украінскія амбіцыі мець F-16 разбіваюцца аб моўны бар'ер, узлётна-пасадачныя палосы і запчасткі — Bloomberg

Пачаўся працэс перадачы знішчальнікаў F-16 Украіне — першыя самалёты ўжо на шляху ў краіну

Галоўкам ВМС Украіны: Расія губляе крымскі хаб у Чорным моры

Nashaniva.com