Карыстальнікі паведамілі аб масавым збоі ў працы YouTube у Расіі
Прапагандыстка Маргарыта Сіманьян намякнула на тое, што сэрвіс перастае працаваць у Расіі.
01.08.2024 / 09:42
Карыстальнікі паскардзіліся на праблемы ў працы YouTube у Расіі, сведчаць даныя сэрвісаў, якія адсочваюць збоі — «Збой Расіі» і сэрвісу Brand Analytics. Прапагандыстка Маргарыта Сіманьян намякнула на тое, што сэрвіс перастае працаваць у Расіі, піша «Агенцтва».
Праблемы з YouTube пацвердзілі з рэгіёнаў: Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, Падмаскоўя, Екацярынбурга, Новасібірска, Казані, Калугі, Уфы, Краснаярска, Мурманска і Чалябінска. Усе гэтыя паведамленні прыйшлі толькі за апошнюю гадзіну.
Як распавёў «Агенцтву» аўтар тэлеграм-канала «Эшэр II» Філіп Кулін, яму сталі скардзіцца на праблемы з YouTube прыкладна а 2:00.
Згодна з данымі Brand Analytics, колькасць скаргаў рэзка вырасла з 0:30. На «Збой Расіі» колькасць скаргаў 1 жніўня ўжо дасягнула 480, тады як за ўвесь дзень 31 ліпеня іх было 64.
Галоўны рэдактар дзяржканала RT пакінула ў Telegram шматзначны каментар: «Ютуб капут. Бо неча».
Запаволенне працы YouTube у Расіі ўпершыню анансаваў «Растэлекам» у сярэдзіне ліпеня. Магчымыя праблемы тлумачылі дэградацыяй абсталявання Google у краіне. Аднак пазней дэпутат Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн прызнаў, што запаволенне носіць штучны характар і стала адказам на «парушэнні заканадаўства з боку рэсурсу».
Эксперты, з якімі гаварыла «Агенцтва», лічаць, што такім чынам улады змушаюць сэрвіс вярнуць прапаганду, а расійскіх карыстальнікаў — адмовіцца ад YouTube на карысць расійскіх аналагаў платформы.