Лукашэнка назваў, колькі чалавек працуе ў сістэме Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Лічба ўражвае
Аляксандр Лукашэнка з нагоды 30-годдзя Кіраўніцтва справамі прэзідэнта ўручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам прадпрыемстваў і арганізацый сістэмы.
01.08.2024 / 11:38
Паводле прэс-службы, Лукашэнка адзначыў, што 30 гадоў таму гэта было «невялікае падраздзяленне, якое забяспечвала матэрыяльна-тэхнічнае суправаджэнне працы дзяржорганаў».
Цяпер, як вынікае, сістэма Кіраўніцтва справамі — вялікае камерцыйнае прадпрыемства, у якой працуе больш за 20 тысяч чалавек. Сярод іх — работнікі сфер ЖКГ, будаўніцтва, культуры, аховы здароўя, санаторыяў, гандлю, грамадскага харчавання, дыпсэрвісу, гасцініц. Асобна Лукашэнка згадаў пра працу 6 тысяч аграрыяў, «дзякуючы якім прадпрыемствы Кіраўніцтва справамі па многіх напрамках сельскагаспадарчай вытворчасці сталі лідарамі ў рэспубліцы», піша прэс-служба.