Пад Бялынічамі пажылая пара згубілася ў лесе. Яны патэлефанавалі сыну-ратавальніку, які быў на дзяжурстве

31 ліпеня з раніцы двое пенсіянераў адправіліся ў лес у раёне вёскі Заазер'е збіраць буякі.

01.08.2024 / 13:53

Пасля абеду мужчына і жанчына сталі шукаць дарогу назад і зразумелі, што самастойна выйсці не могуць. На шчасце, мабільная сувязь у тым месцы была, і яны патэлефанавалі сыну-работніку МНС, які ў той дзень знаходзіўся на дзяжурстве, паведамляе прэс-служба МНС.

— Я паспрабаваў па тэлефоне дапамагчы ім выйсці з лесу, але беспаспяхова. Тады мы выехалі аддзяленнем на пошукі, — распавядае Мікалай Мельнікаў, начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста вёскі Стараселле. — Кіроўца застаўся ў аўтамабілі і перыядычна ўключаў сірэну, а я ўзяў выратавальную камізэльку, бо мясцовасць багністая, і свісток і адправіўся ім насустрач. Калі лавіў мабільную сувязь, тэлефанаваў бацькам і пытаўся, ці чуюць яны сігналы машыны.

Прыкладна праз гадзіну пошукаў Мікалай знайшоў бацькоў:

— Яны былі стомленымі, але не напалоханымі: былі ўпэўненыя, што я ім дапамагу.

Nashaniva.com