Эстонія ўвядзе поўны мытны кантроль на мяжы з Расіяй

Урад Эстоніі 1 жніўня разглядзеў план, які прадугледжвае пераход да поўнага мытнага кантролю ўсіх людзей і грузаў, якія перасякаюць мяжу ў бок Расіі. Магчыма, гэта адбудзецца ўжо 8 жніўня. 

01.08.2024 / 13:54

Фота: vecteezy.com

Прэмʼер-міністр Крыстэн Міхал адзначыў, што Эстонія павінна зрабіць усё магчымае для спынення перавозкі праз Эстонію падсанкцыйных тавараў і для ўмацавання бяспекі краіны. 

«На жаль, спробы невыканання санкцый і перавозкі забароненых тавараў на нашых межах працягваюцца, як і распачатая Расіяй жорсткая вайна супраць украінскай дзяржавы і насельніцтва. Ужываннем поўнага кантролю [вывазімых] тавараў мы ўскладнім ухіленне ад санкцый і дзеянні Расіі па забеспячэнні яе ваеннай машыны», — сказаў Міхал.

Ён заўважыў, што аб змяненнях праінфармаваны мясцовыя органы самакіравання, грузаперавозчыкі і аўтобусныя кампаніі.

Ва ўрадзе адзначылі, што прымяненне поўнага мытнага кантролю павялічыць час перасячэння граніцы і колькасць людзей, якія перасякаюць граніцу, імаверна, скароціцца.

Міністр замежных спраў краіны Маргус Цахкна напісаў у Х, што поўны мытны кантроль будзе ўведзены з 8 жніўня, заўважыў reformby.org.

Nashaniva.com