Паліне Шарэндзе-Панасюк зноў «прынеслі» зялёныя яблыкі замест прадуктовай перадачы
Муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, якую нядаўна перавялі ў гомельскае СІЗА-3, дзе яна чакае новага суда, расказаў «Радыё Свабода» пра новыя праблемы з прадуктовымі перадачамі для Паліны, а таксама пра тое, як прайшла яе апошняя псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.
01.08.2024 / 19:56
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота з сямейнага архіва
Зноў праблемы з прадуктовай перадачай
Паводле крыніцы, якую Андрэй Шарэнда не можа называць з інтарэсаў бяспекі, пасля вяртання ў гомельскае СІЗА ягоную жонку чакала тая ж гісторыя з прадуктовай перадачай, як і летась.
«Нібыта ад невядомай асобы ёй паступілі пакункі з зялёнымі яблыкамі. У выніку цяпер месячная норма перадачы прадуктаў у 30 кілаграмаў лічыцца выбранай, і больш у гэтым месяцы для яе нічога не прымуць.
Гэтак і раней рабілі: перадавалі Паліне то мех гнілой морквы, то мех бітых яблык, як мінулым летам. Такі здзек, псіхалагічны ціск на Паліну і на нас, яе сваякоў.
У СІЗА добра ведаюць пра хваробу Паліны, што ў яе праблемы са страўнікам і залозай, а мы спрабуем перадаць ёй добрыя прадукты. Дык каб нічога не атрымала», — мяркуе муж Паліны Андрэй Шарэнда.
Паводле Андрэя Шарэнды, летась сваякам усё ж удавалася перадаць для Паліны харчовыя перадачы.
«Атрымалася адзін раз у снежні перад этапам. Яны ў снежні не закінулі ёй нічога, дык сваякі адмыслова ездзілі ў Гомель, каб перадаць свежую гародніну, садавіну, сыр, каўбасу. Звычайны набор прадуктаў. І пасылку з рэчамі ў СІЗА прынялі. А ў калонію за 5 месяцаў увогуле нічога перадаць не атрымалася. І вось зноў нічога», — расказаў Андрэй Шарэнда.
Паводле яго слоў, Паліну Шарэнду-Панасюк працягваюць трымаць у рэжыме інкамунікада — апошні ліст ад яе сям’я атрымала ў канцы 2023 года.
«Экспертызы як такой і не было»
Псіхолага-псіхіятрычную экспертызу Паліна Шарэнда-Панасюк праходзіла ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў пасёлку Навінкі пад Мінскам, дзе ў тым ліку даследуюць тых, каго падазраюць у злачынствах. Паводле крыніцы, на якую спасылаецца Андрэй Шарэнда, вынік экспертызы, якую прайшла Паліна, нічым не адрозніваецца ад дзвюх іншых, якія ў яе былі ў ранейшыя гады зняволення.
«Прызнаная нармальнай, што ім і трэба, каб чарговы раз кінуць яе за краты як асуджаную, — сказаў Андрэй Шарэнда. — А экспертызы як такой і не было цяпер. Толькі пагутарылі з ёй, можа, з гадзінку, і ўсё. Яна ж, як атрымліваецца, толькі тыдзень там была. Гэта мінімальны час паміж этапамі».
«На прагулкі амаль не выводзяць»
Пра тое, як цяпер пачуваецца і як выглядае Паліна Шарэнда-Панасюк, звестак няшмат.
«Вельмі бледная. Бо на прагулкі месяц не выводзілі і, магчыма, цяпер амаль не выводзяць. Яўна схуднела. І псіхалагічна ёй пасля этапаў вельмі цяжка», — кажа муж палітзняволенай Андрэй.
18 ліпеня стала вядома, што Паліна хворая на «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці» — вельмі небяспечную для здароўя хваробу, лекаванне якой ускладняецца ва ўмовах зняволення. Пра дыягназ сваякам стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калоніі № 24, дзе трымаюць палітзняволеную Шарэнду-Панасюк.
Паліна Шарэнда-Панасюк знайшлася ў гомельскім СІЗА
Паліну Шарэнду-Панасюк вывезлі з Цэнтра судовых экспертыз у Навінках
«Псіхалагічны стан вельмі складаны». З'явіліся навіны пра палітзняволеную Шарэнду-Панасюк
На Паліну Шарэнду-Панасюк зноў завялі крымінальную справу за непадпарадкаванні адміністрацыі
Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла на свабоду. Яна знайшлася ў Гомельскім СІЗА