Вызваленыя грамадзяне ЗША сустрэліся з роднымі

Трое грамадзян ЗША, вызваленых падчас вялікага абмену з Расіяй, выйшлі з самалёта на авіяабазе Эндрус пад Вашынгтонам і пасля доўгага расстання сустрэліся з роднымі, піша Бі-бі-сі.

02.08.2024 / 07:56

Эван Гершковіч сустракаецца з роднымі. Фота: Alex Brandon / AP

Першым выйшаў былы марскі пехацінец Пол Уілан, якога ў Расіі пасадзілі па абвінавачванні ў шпіянажы – ілжываму, як заяўляе сам Уілан і амерыканскія ўлады.

Яго сустракалі прэзідэнт Джо Байдэн і віцэ-прэзідэнт Камала Харыс. Уілан аддаў гонар Байдэн і паціснуў абодвум рукі.

Затым выйшаў журналіст газеты Wall Street Journal Эван Гершковіч, якога расійскія ўлады арыштавалі ў звычайнай камандзіроўцы і таксама абвінавацілі ў шпіянажы. Паціснуўшы рукі Байдэну і Харыс, ён упершыню пасля паўтара года ў турме змог абняць маму і тату. Акрамя іх, Гершковіча сустракалі некалькі калег.

Manuel Balce Ceneta / AP

Апошняй выйшла Алсу Курмашава — рэдактар ​​«Радыё Свабода», грамадзянка і Расіі, і ЗША, якую арыштавалі ў Маскве і асудзілі перад самым абменам за т. н. «ваенныя фэйкі». Яна таксама паціснула рукі Байдэну і Харыс і кінулася да мужа і дочак.

Вызвалены падчас абмену палітык, сябар і паплечнік Аляксея Навальнага Ілля Яшын апублікаваў у сваім фэйсбуку фатаграфію з паплечнікамі, якія сустрэлі яго ў Германні.

Фота Іллі Яшына

Увечары вызваленыя падчас абмену расейцы прыляцелі ў Нямеччыну, у Кёльн, але да тых, хто іх сустракаў, не выйшлі, і з'явілася інфармацыя, што яны будуць адпраўленыя ў шпіталь на абследаванне і каранцін.

Nashaniva.com