«Гэты абмен — вельмі балючы ўдар па беларусах» — Павел Слюнькін

02.08.2024 / 08:56

Асуджаная на 11 гадоў Марыя Калеснікава ў судовай клетцы. Калеснікава, Ramil Nasibulin/BelTA pool photo via AP, File

У каментары «Медузе» экс-дыпламат і палітычны аналітык Павел Слюнькін адзначыў, што ў спісы на абмен не ўключылі «ніводнага з тысяч беларускіх палітвязняў».

«Нават з сімвалічнага пункту гледжання было б важна паспрабаваць уключыць у абмен хаця б аднаго грамадзяніна Беларусі», — адзначыў ён.

«Гэта сведчыць аб тым, што заходнія краіны ўспрымаюць Расію як больш прыярытэтную краіну, чым Беларусь. І максімум, што могуць рабіць еўрапейскія краіны [у адносінах да беларускіх палітычных зняволеных], — гэта выказваць салідарнасць. Напэўна, у гэтым цынічным сэнсе беларускія палітвязні былі для Захаду недастаткова «выгадныя», у адрозненне ад Крыгера.

Кейс з немцам [Рыка Крыгерам], якога абмянялі, быў па сутнасці правакацыяй з боку беларускіх уладаў. Яны самі падстроілі гэты «тэракт». Той факт, што ў абмен не ўключылі ніводнага беларуса, хаця б сімвалічна, гаворыць пра многае.

Тая ж Марыя Калеснікава доўгі час пражыла ў Германіі і вярнулася ў Беларусь у 2020 годзе, каб паўдзельнічаць у дэмакратычным руху. Яна таксама была б годным кандыдатам на абмен — але, відаць, [Германія] не стала [спрабаваць яе абмяняць]», — заявіў Павел Слюнькін.

Вызваленыя грамадзяне ЗША сустрэліся з роднымі ФОТАФАКТ

Лукашэнка з Крыгерам сеў у лужыну. А сэнс вызвалення расійскіх палітвязняў вось у чым

Чаму ў вялікім абмене не было беларускіх палітвязняў? Адказ Вячоркі

Nashaniva.com