У 41 год памёр начальнік рэжымнага аддзела калоніі ў Оршы
Аляксандр Радкевіч усю кар’еру правёў у сістэме Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП).
02.08.2024 / 10:16
Стала вядома пра смерць аднаго з кіраўнікоў калоніі №8 у Оршы. Маёру Аляксандру Радкевічу быў 41 год.
Усю міліцэйскую кар’еру ён правёў у сістэме Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП). Спачатку быў начальнікам атрада ў калоніі №8 у Оршы. Пасля перайшоў ва ўпраўленне ДВП па Віцебскай вобласці, працаваў там старшым аперупаўнаважаным аддзела аператыўна-рэжымнай працы. І ўрэшце вярнуўся ў калонію №8 — начальнікам рэжымнага аддзела.
Рэжымны аддзел вызначае, што «можна», а што «нельга» зняволеным. Вырашае, ці можна аддаваць людзям лісты, ці прапускаць тыя ці іншыя кнігі. Складае акты за ўяўныя ці рэальныя парушэнні.
У калоніі ў Оршы ўтрымліваюцца як мінімум дзесяць палітзняволеных — Андрэй Бурак, Вячаслаў Трафімук, Дзмітрый Бондараў, Дзмітрый Гарбуноў, Дзмітрый Сушчык, Ілля Дубскі, Павел Сава, Сяргей Глебка, Сяргей Маўшук, Уладзімір Кобрынец.