Тры галоўныя хваробы, якія могуць прывесці да дэменцыі

Каля 40% выпадкаў дэменцыі можна прадухіліць, лічаць дактары.

02.08.2024 / 11:15

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Каля 60% выпадкаў дэменцыі правакуюць нязменныя прычыны: узрост, жаночы пол, генетычная схільнасць.

І 40% складаюць зменныя фактары рызыкі — лад жыцця, захворванні (асноўныя тры — дыябет, сардэчна-сасудзістыя хваробы і атлусценне).

Пры гэтых паталогіях, як правіла, цярпіць сасудзістая сістэма чалавека, у тым ліку сасуды галаўнога мозгу, піша партал 24health.by.

«Што ўплывае на здароўе нашага галаўнога мозгу? Артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет, хваробы сэрца, атэрасклероз, іншыя хваробы сасудзістай сістэмы. Гэтыя паталогіі на 100% аказваюць уплыў на сасуды галаўнога мозгу.

Калі б усе прытрымліваліся здаровага ладу жыцця, выконвалі рэкамендацыі дактароў і сачылі за сваім здароўем, можна было б прадухіліць 6,2 млн выпадкаў дэменцыі», — кажа галоўны пазаштатны спецыяліст па герыятрыі Мінздароўя Людміла Жылевіч.

Яшчэ адзін фактар развіцця дэменцыі — адзінота. Самотны чалавек нярэдка пакутуе на дэпрэсію, стрэс, недахоп жывых зносін. Часцяком яго найлепшы «сябар» — толькі тэлевізар. Больш за тое, адзінота аказвае ўплыў і на іншыя герыятрычныя сіндромы — гіпадынамію, індэкс масы цела і г.д., што вядзе да паталагічнага старэння.

За праявай дэменцыі можа хавацца шмат іншых праблем сацыяльнай і псіхалагічнай сферы чалавека. Менавіта таму за чалавекам назіраюць больш за 6 месяцаў, перш чым выставіць дыягназ. Разам з тым, больш за 41% пацыентаў прыходзяць да доктара пасля больш чым двух гадоў працякання хваробы, калі ўжо немагчыма запаволіць яе прагрэсаванне.

Nashaniva.com