Падатковая будзе па-новаму рассылаць паведамленні — вось што зменіцца ў аплаце

Беларусам упершыню прыйдуць паведамленні аб адзіным маёмасным плацяжы. Іх адправяць па пошце, а тыя, у каго ёсць асабісты кабінет на сайце Міністэрства па падатках і зборах, атрымаюць таксама электронную версію, нагадвае «Анлайнер».

02.08.2024 / 11:30

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Сёлета падаткавікі будуць рассылаць паведамленні пра адзіны маёмасны плацёж два месяцы — з 1 жніўня да 1 кастрычніка (раней былі тэрміны да 1 верасня). Іх атрымаюць 3,5 млн беларусаў.

Адзіны маёмасны плацёж — гэта не новы падатак, а спосаб выплаты трох маёмасных падаткаў (на нерухомасць, зямельнага і транспартнага). Цяпер усе тры віды падаткаў будуць у адным паведамленні, а не ў розных, як раней.

Гэта зроблена ў першую чаргу для зручнасці плацельшчыкаў, растлумачыў на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі.

«Не трэба, як некалькі гадоў таму, атрымліваць некалькі паведамленняў ад розных раённых інспекцый: адно за кватэру ў Мінску, іншае за лецішча ў Пухавічах… Плацельшчыкі адразу бачаць у адным паведамленні ўсе аб'екты падаткаабкладання, разлік падатку па кожным аб'екце і агульную суму да выплаты», — сказаў прадстаўнік міністэрства.

Паводле яго слоў, раней у АРІП трэба было аплачваць кожны падатак асобна, і перыядычна людзі аплачвалі падаткі не туды.

«Цяпер плацёж выплачваецца адной сумай. Гэта не значыць, што, атрымаўшы паведамленне, вы павінны аплаціць разава ўсю суму. Як і раней, падаткі, можна плаціць часткамі,

— падкрэсліў Кавалеўскі. — Вельмі зручна, што наладжана ўзаемадзеянне з АРІП: калі плацельшчык атрымаў паведамленне, напрыклад, на суму 100 рублёў па ўсіх трох падатках, ён сёння можа аплаціць 10 рублёў, літаральна праз хвіліну, зайшоўшы ў АРІП паўторна, ён ужо ўбачыць рэшту запазычанасці».

Калі ў чалавека ёсць якія-небудзь ільготы на выплату падатку на нерухомасць, зямельнага або транспартнага падаткаў, то гэта ўжо будзе адлюстравана ў паведамленні. Самастойна разлічваць нічога не трэба, у падатковую варта звярнуцца, толькі калі вы заўважылі памылку ці няўлічаную льготу.

Заплаціць падаткі трэба, як гэта было і раней, да 15 лістапада, далей пачне капаць пеня.

Nashaniva.com