Сахашчык: Я стварыў падраздзяленне, якое 15 месяцаў ваявала без ратацыі на перадавой. І ніводнага загінулага
Былы прадстаўнік па нацыянальнай абароне ў кабінеце Святланы Ціханоўскай Валер Сахашчык у інтэрв'ю «Люстэрку», сярод іншага, расказаў пра вынікі сваёй працы. Высокую пасаду ён займаў са жніўня 2022 года.
02.08.2024 / 13:04
Валер Сахашчык. Фота: Радыё Свабода
У прыватнасці, ён адказаў на пытанне, чаму не ўдалося стварыць нацыянальнае падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
— Давайце пачнем з таго, што ўкраінскай дзяржавай у асобе Галоўнага ўпраўлення разведкі быў створаны полк Каліноўскага (на сайце палка Каліноўскага сказана, што 9 мая 2022 года «беларускія добраахвотнікі заявілі пра аб'яднанне ў батальён імя Кастуся Каліноўскага», на базе якога 21 мая 2022 года быў створаны аднайменны полк). Гэта чыста ўкраінскі дзяржаўны праект. Калі хтосьці мне запярэчыць, хай прывядзе аргументы, але пакуль я іх не бачу.
Акрамя гэтага, ёсць падраздзяленне, якое стварыў я. Яно 15 месяцаў ваявала без ратацыі на перадавой. Хто яшчэ з беларусаў 15 месяцаў бязвылазна прабыў на перадавой? Я думаю, што ведаў бы, калі б яшчэ нехта так зрабіў. Думаю, такіх няма.
Мы ўпэўнена адваявалі, вельмі добра выканалі сваю задачу. Тое, што я абяцаў, я зрабіў: узброіў роту поўным камплектам стралковай зброі, найлепшай у свеце, сродкамі індывідуальнай абароны, сувязі, прыборамі разведкі і назірання, прыцэламі. Усім, што неабходна, каб людзі маглі паспяхова выконваць баявую задачу. Я падрыхтаваў і навучыў людзей, і лічу, што той факт, што мы за 15 месяцаў на перадавой не страцілі ніводнага чалавека забітым, кажа сам за сябе.
— Якія яшчэ свае поспехі і дасягненні на пасадзе прадстаўніка АПК вы можаце назваць?
— Я шмат магу расказаць, што мы зрабілі. Упэўнены, што будучая армія Беларусі будзе шмат гадоў карыстацца вынікамі нашай працы. Была сабрана бібліятэка аналітычнага матэрыялу з нагоды баявых дзеянняў у сучаснай вайне. Такога вопыту, такім чынам абагульненага, прааналізаванага і адлюстраванага, я думаю, няма ні ў каго. І мяркую, што нават украінцы гэта не вялі. А мы вялі, і на падставе гэтага я ўпэўнены, што будуць складацца пасля праграмы баявой падрыхтоўкі для будучай беларускай арміі.
У нас ёсць вялікая колькасць вельмі добрых кантактаў з профільнымі структурамі еўрапейскіх краін. Я думаю, што будучая беларуская армія павінна сябраваць не з Туркменістанам і Паўночнай Карэяй, а з еўрапейцамі.
Мне зусім не сорамна за працу, якую я рабіў увесь гэты час.
«Міністр абароны» Валерый Сахашчык заявіў пра выхад з Аб’яднанага пераходнага кабінета
Ціханоўская пра адстаўку Сахашчыка: з Валерыем Сцяпанавічам застаемся ў нармальных адносінах