Стаў бацькам падчас Алімпіяды. Хто такі Яўген Залаты — наша надзея ў веславанні

3 жніўня ў 11:30 па беларускім часе вясляр Яўген Залаты пазмагаецца за алімпійскае золата — 24-гадовы атлет прабіўся ў фінал спаборніцтваў на 2000 метраў. Што за спартовец можа прынесці Беларусі трэці медаль парыжскіх Гульняў?

03.08.2024 / 08:09

Яўген Залаты на адным з алімпійскіх заездаў. Фота: Alex Davidson / Getty Images

Залаты родам з Краснаполля — мястэчка на 5500 чалавек, што ў Магілёўскай вобласці. Каб стаць прафесійным спартоўцам, яму давялося з’ехаць у Магілёў, дзе хлопец стаў займацца ў абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту.

Яўген пачынаў спаборнічаць у экіпажах: напрыклад, у 2017-м ён прывёз з юніёрскага чэмпіянату свету срэбра за выступ у парнай двойцы. Але ў 2021-м, на чэмпіянаце свету сярод моладзі, Залаты ўжо спаборнічаў у адзіночным фармаце, і тады хлопец стаў пятым.

Сёлета Яўген ужо браў медаль, гэта была бронза этапа Кубка свету па веславанні на той жа самай дыстанцыі 2000 метраў, дзе беларус паспаборнічае ў суботу. На чэмпіянаце свету — 2023 Залаты быў сёмым, і гэтага хапіла, каб узяць алімпійскую ліцэнзію. 

Зрэшты, ён мог і не паехаць на Алімпіяду: Яўген — сябра спартовага камітэта беларускіх Узброеных сіл, і некаторых беларускіх атлетаў праз гэта не дапусцілі да Гульняў. Але Залатому, як і шэрагу іншых беларусаў, гэта не перашкодзіла трапіць у Парыж.

На Гульнях, аднак, у нашых весляроў узнікла праблема з інвентаром. Зборная планавала прыехаць на Алімпіяду са сваімі лодкамі, але ж на мяжы ім забаранілі гэта рабіць. Давялося арандаваць лодкі за мяжой, і не адразу атрымалася гэта зрабіць — нямецкая кампанія з-за санкцый адмовілася даваць лодку ў арэнду. Але ў выніку задачу вырашылі, і выглядае, што Залаты, у адрозненне ад партнёркі па камандзе Таццяны Клімовіч, здолеў прыстасавацца да новай лодкі.

У 2020-м Яўген ажаніўся на былой вяслярцы Ксеніі, і на днях ён стаў бацькам. 30 ліпеня, за дзве гадзіны да чвэрцьфінальнага алімпійскага заезду, у весляра нарадзіўся сын Марк. Яўгену сказалі пра навіну толькі пасля заезду, каб не перашкаджаць яму перад важнай падзеяй.

Дачка эмігрантаў з Беларусі стала алімпійскай чэмпіёнкай у фехтаванні на рапірах у складзе зборнай ЗША

Вясляр Яўген Залаты: На Алімпіядзе хачу даказаць, што Беларусь — найвялікшая краіна

Верым у Змушку! Хто тая плыўчыха, якая сёння можа прынесці медаль Беларусі

Вера Белацаркоўская