На сустрэчы з Лукашэнкам у першы шэраг паставілі простую сям'ю — падпалкоўніка пагранічных войскаў і інспектарку з мытні

Але тут сям'я Вяраксаў стаяла ў цывільным.

02.08.2024 / 16:34

Дзяржаўныя СМІ захапляюцца візітам начальніка на Гомельшчыну. Аляксандр Лукашэнка быццам бы і пацярпелы рэгіён наведаў, але толькі не горад Мазыр, дзе сотня тысяч людзей некалькі дзён па-сапраўднаму пакутавала без святла, вады і ўсіх іншых выгодаў цывілізацыі, якія гарантуюцца бесперабойнай электрычнасцю. 

Замест гэтага ён паляцеў у вёску, дзе людзі не ездзяць у ліфтах, не стаяць у чарзе па ваду з цыстэрны і ў цэлым пераносяць вялікае прыроднае бедства на парадак прасцей.

БелТА прыводзіць рэпартажныя вытрымкі з гэтай сустрэчы ў Прудку: выстаўленыя паўколам людзі, шматдзетная пара па цэнтры, некаторыя стаяць задраўшы галовы. Усё ж Лукашэнка як бог — заўсёды спускаецца да сялян з неба і адлятае ад іх таксама ў неба.

Сустрэча з жыхарамі Прудка, фота: БелТА

«Якія ў вас катастрафічныя пытанні да мяне?», — цытуе агенцтва пытанне Лукашэнкі, на якое сабраныя хорам прамаўчалі: «Такіх пытанняў няма».

Але ці магло быць іначай? У гэтым ваяжы ад неспадзяванак застрахавана ўсё. Нават калі на плячах публікі не відаць пагон, гэта не азначае, што іх няма.

Чатыры месцы ў першым шэрагу перад Лукашэнкам заняла сям'я з суседняй вёскі Барыскавічы: падпалкоўнік пагранічных войскаў, дэпутат сельсавета Дзяніс Вяракса і ягоная жонка Юлія Вяракса — старшы лейтэнант, інспектар мытных аперацый і кантролю ў Новай Рудні. А таксама іх два сыны, ну і дачка на руках у бацькі.

Сям'я Вяраксаў у працоўным адзенні. Скрыншот з Youtube

Чаму гэтая пара з прапагандысцкіх шоу пасаромелася сябе апрануць у кіцелі, а сваіх сыноў так, як яны, паводле БТ, ходзяць дома і ў школе? 

Лукашэнку было б прыемна, але глядач мог бы і не паверыць у шчырасць публікі, якая не мае пытанняў да бездакорнага менеджара.

Сыны Вяраксаў з аднакласнікамі. Скрыншот з Youtube

Nashaniva.com