Беларуска Віялета Бардзілоўская — срэбная медалістка Алімпіяды! Што вядома пра яе?

19-гадовая спартсменка заваявала срэбны медаль у спаборніцтвах па батуце. А яе хлопец Іван Літвіновіч — пераможца Алімпіяды-2021.

02.08.2024 / 15:20

Фота: НАК Беларусі

Віялеце 19 гадоў, яна родам з Магілёва. У 2021-м дзяўчына стала чэмпіёнкай Еўропы на юніёрскім узроўні — атрымалася перамагчы ў сінхронных скачках. У Парыжы, аднак, Бардзілоўская выступае ў адзіночным турніры.

Найлепшы вынік дзяўчыны ў сезоне — 10-е месца на этапе Кубку свету. Аднак на Алімпіядзе яна шакавала ўсіх экспертаў — нечаканае 2-е месца. Гэта першы медаль беларусаў у Парыжы.

Выступ Віялеты на Алімпіядзе. Фота: Naomi Baker / Getty Images

Віялета ўжо недзе год сустракаецца з Іванам Літвіновічам, алімпійскім чэмпіёнам Токіа-2021. Як і яна, Літвіновіч атрымаў алімпійскую ліцэнзію, прайшоў праз праверку на нейтральнасць і трапіў на Гульні, так што дзяўчына мае моцную падтрымку.

Дарэчы, Іван выступае сёння вечарам. А 19-й пачынаецца кваліфікацыя, а фінал запланаваны на 20:50.

Nashaniva.com