Няўжо фонды не дапамагаюць палітвязням, якія напісалі прашэнне аб памілаванні? Натуральна, гэта няпраўда

Па словах журналісткі Вольгі Лойка, родныя тых, хто можа вызваліцца праз памілаванне, баяцца, што быццам бы дабрачынныя фонды не дапамогуць такім экс-палітвязням. Мы запыталіся пра гэта ў прадстаўнікоў дзвюх буйных арганізацый дапамогі.

03.08.2024 / 10:00

Як кажа Лойка, былыя палітвязні і іх родныя не спрабуюць зразумець, ці гатовыя фонды ім дапамагаць, бо з Беларусі небяспечна «ўсё гэта шчыльна адсочваць». Але яны «адчуваюць агульны вайб і хвалююцца».

Фонд «Байсол» пастаянна збірае дапамогу былым палітвязням, а таксама тым, хто цяпер за кратамі, і іх сем'ям. Напрыклад, цяпер у «Байсола» ідзе збор у дапамогу дзецям палітвязняў, каб сабраць іх у дзіцячы садок ці школу.

Кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак кажа, што выказаныя Вольгай Лойка страхі родных зняволеных не адпавядаюць рэчаіснасці:

«У нашым алгарытме проста няма такога пункту як удакладненне, на падставе чаго выйшаў чалавек — сканчэнне тэрміну, памілаванне ці нешта яшчэ. «Байсол» аказвае дапамогу палітвязням незалежна ад прычын, па якіх чалавек вызваліўся. Так было, ёсць і будзе».

Прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы Dissidentby Марына Касінерава таксама запэўнівае — тыя, хто выйшаў па памілаванні, могуць разлічваць на дапамогу фондаў:

«У фондаў і арганізацый ніколі не стаяла такога пытання, [ці дапамагаць тым, хто выйшаў па памілаванні]. Мы дапамагаем усім з аднолькавай павагай і разуменнем».

Касінерава адзначае, што за ўвесь час працы яна ніколі не сутыкалася з такімі страхамі, ад калег яна таксама не чула пра такое. Dissidentby штомесяц працуе з паўсотняй сем'яў палітвязняў, а то і болей, таму, тлумачыць актывістка, у фонду вялікая выбарка.

«Мажліва, такую інфармацыю могуць распаўсюджваць прапагандысты ці спецслужбы, каб заблакаваць дапамогу ці пасеяць раскол у грамадскім руху», — мяркуе Касінерава.

Як у КДБ дапытваюць з дэтэктарам хлусні? Досвед беларуса

«Зачыніш дзверы і пацалуеш яе, бо ёсць такая магчымасць». Як жанчыны кахаюць жанчын у калоніі

Былы палітвязень з жонкай адкрылі краму сувеніраў — як ідзе справа?

Вера Белацаркоўская