З'явілася ВІДЭА, як у латвійскіх маладзёнаў знайшлі на мяжы пакецік з наркотыкамі — 0,82 грама марыхуаны

Беларускае тэлебачанне расказала некаторыя падрабязнасці гісторыі і паказала відэазапіс, на якім відаць, як у машыне знайшлі пакецік.

02.08.2024 / 20:42

Пакецік з марыхуанай ў машыне маладзёнаў з Латвіі. Скрын відэа: atnbtrc / YouTube

Па інфармацыі БТ, чатыры грамадзяне Латвіі, сярод якіх тры дзяўчыны (Паліна, Анастасія і Уладлена) і хлопец Даніэль, заехалі ў Беларусь праз пункт пропуску «Грыгароўшчына» 26 ліпеня. Некаторыя з іх ужо былі на фестывалі ў Браславе ў мінулыя гады.

На відэа паказаны момант агляду аўтамабіля. Чуваць, як супрацоўніца пагранкантролю пытаецца, што за пакецік ляжыць ззаду ў салоне. А таксама момант праверкі пакеціка з дапамогай сабакі, паводзіны якога выклікалі падазрэнні адносна зместу пакеціка. Рэчыва было адпраўлена на экспертызу, а маладыя людзі затрыманыя.

Экспертыза паказала, што ў пакеціку была марыхуана вагой 0,82 грама. Па гэтаму факту завялі крымінальную справу за незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу небяспечнага наркатычнага рэчыва, здзейсненае групай асобаў.

Па словах карэспандэнта, Даніэль пазней выказаў здагадку, што пакецік мог згубіць у салоне яго знаёмы, якога ён падвозіў у Латвіі перад самым ад'ездам.

У сюжэце БТ малады чалавек абвяргае версію аб тым, што гэты пакецік мог быць падкінуты супрацоўніцай пагранкантролю.

Карэспандэнт расказвае, што 29 ліпеня замежнікаў выпусцілі з ІЧУ пад падпіску аб нявыездзе. Яны перасяліліся ў здымную кватэру, а потым у гасцініцу ў Полацку. Да іх прыехалі бацькі і родныя.

На «Віва Браслаў» затрымалі чатырох грамадзян Латвіі

«Паехалі ў Беларусь на вечарынку і цяпер льяце кракадзілавыя слёзы». Што думаюць у Латвіі пра затрыманне на «Віва Браслаў»

У аўтамабілі, які прыбыў у Латвію з Беларусі, знайшлі тайнікі на дыстанцыйным кіраванні

Эстонец спрабаваў вывезці з Беларусі 2500 рарытэтных марак, прычым большасць з іх была на канвертах

Nashaniva.com