Кірыла Буданаў не выключыў знішчэння Крымскага моста ў найбліжэйшы час
Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны пракаментаваў магчымасць знішчэння Крымскага моста.
03.08.2024 / 08:35
Wikimedia Commons
На пытанне журналісткі пра тое, калі не стане моста, Буданаў адказаў: «Усе працуюць і над далёкімі ўдарамі, і над гэтым. Гэта ўсё мае патрэбу, скажам так, у комплексным рашэнні. Праца ідзе», — цытуе яго заяву падчас Нацыянальнага тэлемарафона hromadske.ua
Журналістка ўдакладніла, ці можна чакаць вынікаў найбліжэйшым часам — некалькі месяцаў ці сёлета.
«Я б таксама хацеў гэтага. Калі так найбліжэйшым часам глядзець, то шанцы ёсць», — заявіў Буданаў.
Тым часам рух аўтамабільнага транспарту па Крымскім мосце раніцай часова перакрыты, піша Інтэрфакс.
Колькасць аўтамабіляў, якія чакаюць праезду праз надглядныя пункты на Крымскім мосце ў суботу ўначы, дасягнула 990.
Напады на Крымскі мост
У кастрычніку 2022-га пасля выбуху на мосце там загарэліся чыгуначныя вагоны з палівам, часткова абрынуліся два пралёты аўтамабільнай часткі моста.
Пасля выбухаў на мосце ў ноч на 17 ліпеня 2023 года там быў знішчаны адзін пралёт, яшчэ адзін — пашкоджаны. Расія таксама заявіла пра загінулых і параненых.
Падчас вайны Крымскі мост стаў важнай лагістычнай ніткай для расійскіх войскаў: менавіта праз яго перакідвалі падмацаванне арміі, у тым ліку на поўдні. Гэты мост з'яўляецца сімвалам пастаяннай расійскай прысутнасці на анексаваных землях.