Латушка: Мы выступаем за тое, каб на выбарах галасаваць супраць усіх
«Галасаванне супраць усіх не прывядзе да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці», — упэўнены кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
03.08.2024 / 13:17
Павел Латушка. Фота: Наша Ніва
Павел Латушка заклікаў на наступных прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі галасаваць супраць усіх. Пра гэта ён заявіў у Вільні падчас канферэнцыі «Новая Беларусь».
Мы павінны даказаць усім, што 2020 год не быў выпадковым. Яны хочуць даказаць адваротнае — што Лукашэнка зноў мае падтрымку. Наша задача — даказаць, што беларускае грамадства ўжо ніколі не падтрымае Лукашэнку. Байкот — гэта той метад, які вельмі патрэбны рэжыму і адпавядае яго інтарэсам. Цішыня падчас электаральных кампаній з’яўляецца для рэжыму самым лепшым падарункам, які мы можам зрабіць. Таму мы не павінны дазволіць ім правесці выбары спакойна.
Мы павінны выйсці за ядро. За апошнія гады з’явіліся 300-500 тысяч маладых людзей, якія ніколі не бралі ўдзел у выбарах. І нам трэба дайсці да іх з палітычнай павесткай. Нам трэба раскалоць тое ядро, якое не гатовае нас падтрымаць, але думае, ці падтрымаць Лукашэнку. Нам трэба звярнуць увагу, што галасаваць за злачынцу — гэта шлях у нікуды, шлях да здрады і здачы дзяржаўнасці.
Мы выступаем за палітызацыю, але бяспечную палітызацыю — каб галасаваць «супраць усіх». Яно не прывядзе да адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасці.
«Я стаўлю перад сабой пытанне, а можа стаўлю перад усімі. Ці гатовы мы адмовіцца ад дзейнасці, ці гатовы мы сказаць, усё, усё скончана, мы становімся на калені перад Лукашэнкам, просім прабачэння. Я, Павел Латушка, ніколі гэта не зраблю. Я буду працягваць змагацца. Я заклікаю ўсіх працягваць змагацца», — сказаў ён.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў наступным годзе павінны прайсці згодна з Канстытуцыяй не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Фальсіфікацыя папярэдніх выбараў у 2020 годзе прывяла да масавых пратэстаў, што доўжыліся некалькі месяцаў.
У Вільні стартавала канферэнцыя «Новая Беларусь»
Ціханоўская: Мы не ведалі пра абмен зняволенымі і не ўдзельнічалі ў працэсе