У Смаргоні адкрылі мемарыяльны комплекс на лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну ФОТЫ

З верасня 1915-га па люты 1918 года тут праходзіла лінія расійска-германскага фронту.

03.08.2024 / 15:00

У Смаргоні ўрачыста адкрылі мемарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну, піша БелТА.

З верасня 1915-га па люты 1918 года тут праходзіла лінія расійска-германскага фронту. Горад не здаваўся ворагу 810 дзён. Тут загінулі дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў. 16-тысячны горад быў фактычна разбураны за час баёў, у яго вярнуліся пасля вайны каля 150 жыхароў.

Як адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, «кожны грамадзянін нашай краіны ганарыцца і ведае гісторыю сваёй Айчыны».

«У нашай гісторыі ёсць і трагічныя старонкі — гэта часы ваеннага ліхалецця. Адной з такіх трагічных старонак з'яўляецца час Першай сусветнай вайны, для нашай Айчыны цяжкае выпрабаванне. Першую сусветную называюць забытай вайной. Гэта адбывалася толькі па той прычыне, што камусьці ва ўгоду сваіх уласных інтарэсаў хочацца перапісаць вынікі гісторыі. Адкрыццё мемарыяла дае ўпэўненасць у тым, што падобнае не паўторыцца», — сказаў Віктар Пранюк.

Работы па будаўніцтве аб'екта пачаліся восенню 2012 года. У 2014 годзе ў рамках памятных мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны, мемарыяльны комплекс быў адкрыты для наведвання і стаў знакавым месцам увекавечвання памяці пра герояў першай сусветнай вайны.

У 2023 годзе пачаўся працэс завяршэння ўсяго комплексу работ па будаўніцтве мемарыяльнага комплексу і сёння ён быў урачыста адкрыты.

Фота: БелТА