На Алімпіядзе лідзіруюць кітайцы, але амерыканцы ўжо блізка. Беларусы 23-я

Скончыўся чарговы дзень Алімпіяды-2024, які прынёс беларусам яшчэ адзін, гэтым разам срэбраны медаль ад весляра Яўгена Залатога. На якім беларусы былі б месцы, каб выступалі не ў нейтральным статусе, а паўнавартаснай камандай?

04.08.2024 / 01:12

Тэа Лафонд, якая ўпершыню ў гісторыі выйграла алімпійскі медаль — і адразу залаты! — для невялікай астраўной дзяржавы Дамініка ў Карыбскім моры. Фота: AP Photo/Matthias Schrader

Першае месца ў неафіцыйным камандным заліку ўжо некалькі дзён утрымліваюць кітайцы, якія маюць на гэты момант 37 медалёў, з якіх 16 залатых, 12 срэбных і 9 бронзавых.

Але ім у спіну ўжо моцна дыхаюць амерыканцы, якія неаспрэчна лідзіруюць па агульнай колькасці медалёў (аж 61), вось толькі залатых у іх пакуль менш — «толькі» 14, у той час як 24 і 23 адпаведна — срэбраных і бронзавых.

На трэцім месцы з 41 медалём (12+14+15) — гаспадыня спаборніцтваў Францыя, на чацвёртым — Аўстралія з 27 медалямі (12+8+7), на пятым — Вялікабрытанія з 33 (10+10+13), на шостым — Паўднёвая Карэя з 21 (9+7+5).

Беларускія спартсмены гэтым разам выступаюць як нейтральныя, самі за сябе, таму ў афіцыйных табліцах, якія вядуць арганізатары гульняў і спартыўныя статыстыкі, іхнія медалі зусім не ўлічваюцца. Але калі б улічваліся — то беларусы дзялілі б 23-е месца з Грузіяй, у якой, як і ў нас, на гэты момант 3 медалі той жа якасці — 1 залаты і 2 срэбраныя. 

І гэта, дарэчы, найлепшы вынік у параўнанні з усімі нашымі суседзямі. Украінцы цяпер маюць тыя ж тры медалі, але саступаюць па якасці (1 залаты, 1 срэбраны і 1 бронзавы) і займаюць 28-е месца (без уліку нейтральных беларусаў). У палякаў медалёў 4, але з іх няма ніводнага залатога, толькі 1 срэбраны, а 3 бронзавыя — у выніку толькі 43-е месца, якое дзеліцца з Грэцыяй. Літоўка Вікторыя Сянкуце здабыла бронзу ў акадэмічным веславанні, і гэтага хапае для таго, каб яе краіне дзяліць 57-е месца з Аўстрыяй, Грэнадай, Егіптам, Партугаліяй і Славакіяй. А вось у Латвіі пакуль што ніякіх узнагарод няма.

З постсавецкіх краін наперадзе ўсіх Азербайджан, у якога толькі 2 медалі, але затое абодва залатыя. Агульнае ягонае месца — 18-е. Ужо згаданая Грузія з трыма медалямі (1+2+0) на «нашым» 23-м месцы, Казахстан з чатырма (1+1+2) дзеліць 26-е з ПАР, Узбекістан з трыма (1+0+2) на 29-м, Малдова з Таджыкістанам з двума (0+0+2) дзеляць 54-е на траіх з Тайванем. Дарэчы, як і раней, ва ўсіх гэтых краін, апрача Казахстана, усе ўзнагароды заваяваныя выключна ў барацьбе дзюдо, спаборніцтвы па якой ужо скончыліся. Казахстану дзюдаісты прынеслі ў агульную скарбонку толькі два медалі, а яшчэ два заваявалі стралкі і гімнаст. 

У Расіі, спартсмены якой, як і беларусы, выступаюць на гэтай Алімпіядзе ў нейтральным статусе, узнагарод пакуль няма, але ў нядзелю адна дакладна з'явіццца, пытанне толькі ў якасці. Рэч у тым, што яшчэ ў пятніцу тэнісісткі Дыяна Шнайдэр і Міра Андрэева выйшлі ў фінал жаночага парнага турніру і 4 жніўня згуляюць у матчы за золата з італьянкамі Сарай Эрані і Ясмін Пааліні. А гэта гарантаванае як мінімум срэбра.

Увечары 3 жніўня, дарэчы, алімпійскія ўзнагароды ўпершыню ў гісторыі заваявалі дзве краіны, якім дагэтуль гэта не ўдавалася, хоць вопыт удзелу ў Алімпійскіх гульнях налічвае дзесяцігоддзі. Гэта астраўныя дзяржавы з Карыбскага мора — Дамініка і Сент-Люсія.

Абедзве кріаны дабіліся поспеху ў жаночай лёгкай атлетыцы, прытым адразу «нясціпла» ўхапілі па золаце. Жульен Альфрэд з Сент-Люсіі выйграла прэстыжную стометроўку, а Тэа Лафонд была наймацнейшай у трайным скачку. Абедзвюм спартсменкам давялося дзеля перамогі пабіць нацыянальныя рэкорды, а Лафонд была адзінай са спартсменак, хто скочыў у гэты вечар за 15 метраў (15,02). Найбліжэйшая суперніца адстала ад яе на 15 сантыметраў.

55-гадовая нямецкая вершніца заваявала сваё 8-е алімпійскае золата. Яна збірае ўзнагароды ўжо 32 гады

Вясляр Залаты выйграў срэбра на Алімпіядзе і перадаў прывітанне Краснаполлю

Беларускі батутыст Іван Літвіновіч стаў двухразовым алімпійскім чэмпіёнам

Беларуска Віялета Бардзілоўская — срэбная медалістка Алімпіяды! Што вядома пра яе?

Дачка эмігрантаў з Беларусі стала алімпійскай чэмпіёнкай у фехтаванні на рапірах у складзе зборнай ЗША

Nashaniva.com