Літоўскі міністр рэзка адказаў на просьбы расійскіх палітыкаў не ўводзіць санкцыі супраць «простых расейцаў»

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс абурыўся заўвагамі расійскіх палітыкаў, што санцыі незаслужана б'юць па простых грамадзянах Расіі.

04.08.2024 / 16:02

Габрыэлюс Ландсбергіс. Фота: «Радыё Свабода»

«Я хацеў бы звярнуцца да пытання аб тых «простых расейцах», якія «не павінны падвяргацца санкцыям».

Я чую размовы пра невінаватасць простых расейцаў, але затым я бачу, як простыя расейцы забіваюць простых украінцаў.

Я бачу, як звычайныя расійскія маці развітваюцца са сваімі звычайнымі расійскімі сынамі і жадаюць ім поспеху ў іх звычайных расійскіх ваенных злачынствах.

Я бачу, як простыя расейцы святкуюць забойства. Я бачу, як звычайныя расійскія бацькі прыбіраюць сваіх звычайных расійскіх дзяцей у ваенную форму і малююць літару Z на кардонных касцюмах танкістаў.

Я бачу, як звычайныя расейцы збіраюцца разам, каб выстраіцца ў велізарную постаць Z на гарадской плошчы.

Звычайная Расія хворая. Вылячэнне будзе доўгім і знясільваючым працэсам, які можа пачацца толькі тады, калі Расія, а не толькі Пуцін, пацерпіць паразу. Без паразы на Украіне Расія проста працягне пашырацца.

Такім чынам, пра гэтыя «несправядлівыя» санкцыі супраць «простых расейцаў»… Што ж, усё, што замарудзіць татальную вайсковую машыну Расіі, атрымае падтрымку простых літоўцаў. Чаго б ні каштавала перамога. Слава Украіне», — напісаў Ландсбергіс у твітары.

Яго словы, імаверна, сталі адказам на прамову расійскага апазіцыйнага палітыка Уладзіміра Кара-Мурзы пасля вызвалення (ён быў адным з тых палітвязняў, каго выцягнулі з турмы падчас нядаўняга абмену паміж Расіяй і Захадам).

«Мы бачым вельмі часта, што санкцыі заходніх дэмакратычных краін аказваюцца накіраваныя ўжо не супраць рэжыму Пуціна і не супраць канкрэтных злачынцаў у вышэйшых шэрагах рэжыму Пуціна, а супраць усёй краіны, супраць усіх расейскіх грамадзян», — сказаў Кара-Мурза і назваў гэта «вельмі несправядлівым і контрпрадуктыўным», бо дае магчымасць прапагандзе казаць пра тое, што вакол ворагі.

Nashaniva.com