«Гэта правакацыя». Батутыста Літвіновіча на Алімпіядзе спыталі аб падтрымцы Лукашэнкі

Двухразовы алімпійскі чэмпіён у скачках на батуце пасля перамогі ў Парыжы паразважаў аб нейтральным статусе.

04.08.2024 / 16:37

Іван Літвіновіч. Фота: НАК Беларусі

Беларускі батутыст Іван Літвіновіч пасля заваёвы золата на Алімпіядзе ў Парыжы адказаў на пытанне аб нейтральным статусе.

Падчас узнагароджання двухразовага чэмпіёна замест гімна грала мелодыя, абраная МАК. Журналісты папрасілі Літвіновіча пракаментаваць гэты факт, піша insidethegames.biz.

«Што тут сказаць? Гэта іншая мелодыя. Наш гімн лепш. Вядома, на наступных Алімпійскіх гульнях я хацеў бы выступаць пад сваім сцягам і гімнам», — адзначыў Літвіновіч.

Акрамя таго, у алімпійскага чэмпіёна спыталі пра яго прысутнасць на Гульнях у кантэксце яго ранейшай падтрымкі беларускай дзяржавы, а ў прыватнасці Аляксандра Лукашэнкі. На гэтае пытанне спартсмен адказваць не стаў.

«Я не хачу адказваць на гэтыя пытанні. Вы задаеце гэтыя пытанні, каб справакаваць мяне. Я буду адказваць толькі на пытанні пра спорт», — сказаў Літвіновіч.

Іван заваяваў золата ў скачках на батуце на другой Алімпіядзе запар. У 2021 годзе ён падпісаў ліст у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, які быў спушчаны з Мінспорту ў адказ на ліст спартоўцаў у падтрымку свабодных выбараў і супраць гвалту.

Пасля перамогі ў Токіа Літвіновіч тлумачыў, што падпісаў ліст, бо «спорт павінен быць па-за палітыкай»: 

«Я не паглыбляўся ў гэтую тэму. Так, я падпісваў ліст. Падпісваў, што спорт па-за палітыкай, я заўсёды гэтага прытрымліваўся. Што адбываецца, тое адбываецца. Мяне гэта не тычыцца, мяне гэта не закранула»

Беларускі батутыст Іван Літвіновіч стаў двухразовым алімпійскім чэмпіёнам

Вясляр Залаты выйграў срэбра на Алімпіядзе і перадаў прывітанне Краснаполлю

Беларуска Віялета Бардзілоўская — срэбная медалістка Алімпіяды! Што вядома пра яе?

Nashaniva.com