Ізраіль гатовы першым нанесці ракетны ўдар па Іране
Пакуль жа ў Тэль-Авіве не ведаюць, чаго чакаць ад Ірана і яго саюзнікаў у рэгіёне, і таму абмяркоўваюць «шырокі спектр варыянтаў» адказу на магчымую атаку.
05.08.2024 / 08:44
Ілюстрацыйнае фота. Fatima Shbair / AP
Ізраіль разглядае магчымасць першым ударыць па Іране, які можа атакаваць ізраільскую тэрыторыю дронамі і ракетамі пасля гібелі палітычнага лідара ХАМАС Ісмаіла Ханіі. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на нарадзе прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху з кіраўніцтвам арміі і спецслужбамі ўвечары 4 жніўня, піша Moscow Times.
У прыватнасці, на нарадзе прысутнічалі міністр абароны Ёаў Галант, начальнік Генштаба ізраільскай арміі Герцы Халеві, кіраўнік разведкі «Масад» Давід Барнэа і кіраўнік Службы агульнай бяспекі (контрразведка) Ронен Бар.
Як піша Ynet, было прынята рашэнне, што Ізраіль першым ударыць па Іране, але толькі калі ў Тэль-Авіва будуць разведзвесткі, якія даказваюць непазбежнасць нападу з боку Тэгерана. Пры гэтым мэтай такога ўдару будзе стрымліванне Тэгерана ад далейшай эскалацыі.
Пакуль жа ў Тэль-Авіве не ведаюць, чаго чакаць ад Ірана і яго саюзнікаў у рэгіёне, і таму абмяркоўваюць «шырокі спектр варыянтаў» адказу на магчымую атаку або мер для яе прадухілення, распавялі інфармаваныя крыніцы The Times of Israel.
Па даных NBC, кіраўніцтва Ізраіля рыхтуецца да шматдзённай атакі, з дапамогай якой Іран паспрабуе выматаць Тэль-Авіў.
На гэтым фоне ізраільская служба бяспекі (ШАБАК) падрыхтавала падземны бункер у Ерусаліме, дзе будзе хавацца найвышэйшае палітычнае кіраўніцтва краіны ў выпадку пачатку вайны, піша Walla.
Між тым ЗША лічаць, што атака на Ізраіль пачнецца ў панядзелак, 5 жніўня.
«Хезбала» нанесла ўдар дзясяткамі ракет па поўначы Ізраіля
Іран паабяцаў адпомсціць за забойства кіраўніка ХАМАС «у зручны час і належным месцы»
Вярхоўны лідар Ірана загадаў ударыць па Ізраілі