У Варшаве грамадзянку Беларусі будуць судзіць за перадачу КДБ інфармацыі пра беларускія арганізацыі ў Польшчы

Таксама яна засвяцілася ў здымках у порна.

05.08.2024 / 11:56

Дар’я Астапенка на з’ездзе «Гавары праўду» ў Мінску 19 верасня 2020 года. Фота: «Гавары праўду»

У Акруговы суд Варшавы перадалі справу Дар'і Астапенкі, якая абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць Беларусі. Паводле версіі пракуратуры, жанчына збірала інфармацыю пра беларускую апазіцыю ў Польшчы і перадавала яе КДБ, піша Most.

Паводле абвінавачання, Дар'я ў 2023 годзе шматкроць перадавала КДБ Беларусі інфармацыю, датычную дзейнасці, структуры і фінансавання арганізацый, якія аказваюць падтрымку беларускай апазіцыі. Гэтыя звесткі беларускі рэжым выкарыстаў для прапаганды, каб абвінаваціць апазіцыю ў экстрэмізме, а польскія спецслужбы — у тым, што яны замаўлялі дыверсіі на аб'ектах крытычнай інфраструктуры Беларусі.

Ілжывая інфармацыя наносіла страты інтарэсам Польшчы і яе знешняй палітыцы, якая ўключае падтрымку беларускай апазіцыі, і вялі да дэстабілізацыі адносін паміж Польшчай і Беларуссю, паведамляе Нацыянальная пракуратура Польшчы.

Хто такая Дар'я Астапенка

У снежні 2023 года Дар'ю Астапенка затрымалі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Раней жанчына жыла ў Баранавічах і з 2018 года кантактавала з рознымі апазіцыйнымі арганізацыямі, цікавілася іх дзейнасцю і прапаноўвала сваю дапамогу. Падчас прэзідэнцкіх выбараў яна ўзяла на сябе ролю каардынатара кампаніі «Гавары праўду».

Таксама яна засвяцілася ў здымках у порна.

У 2023 годзе жанчына пераехала ў Польшчу, жыла ў Варшаве, а пазней у Лодзі, дзе і была арыштаваная.

Да суда Дар'ю ўтрымліваюць у ізалятары. Паводле артыкула 130 §1 Крымінальнага кодэкса Польшчы (удзел у дзейнасці замежнай разведкі) ёй пагражае не менш за пяць гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com