У некаторых прыватных стаматалогіях перасталі прымаць дзяцей
На днях адразу некалькі чалавек, якія пражываюць у розных гарадах, распавялі пра такую праблему. Бацькі чарговы раз хацелі запісаць дзяцей на прыём у прыватную клініку, але атрымалі адмову.
05.08.2024 / 15:31
Фота: Onliner.by
Стаматалогіі розныя, але фармулёўка была адна: мы не прымаем дзяцей малодшых за 18 гадоў. Onliner паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі.
Першай з праблемай сутыкнулася мінчанка Алена. У спадзеве запісаць сына на прыём жанчына абтэлефанавала адразу некалькі клінік, але ў кожнай атрымала адмову:
— Раней мы лячылі зубы дзецям у трох клініках, але гэтым разам ва ўсіх трох мне адмовілі, — распавядае суразмоўца. — Спаслаліся на тое, што прымаюць толькі з 18 гадоў. Чаму так адбываецца, мне не патлумачылі. У выніку мяне адправілі ў дзве іншыя стаматалогіі. Але ў адной расцэнкі зашкальваюць, а ў іншую проста не датэлефанавалася, яшчэ ў адной сказалі, што ўсе прыёмы распісаны да канца жніўня. Ёсць клінікі, якія лечаць пад седацыяй, але дзіцяці 13 гадоў, ён не маленькі, і лячыць пад часовым наркозам нам не вельмі хочацца. Яму дастаткова зрабіць абязбольванне.
З такой жа гісторыяй сутыкнуўся жыхар Жодзіна Віталь. У 63-тысячным горадзе дастаткова прыватных клінік і стаматалагічных кабінетаў, аднак запісаць дзіця яму не ўдалося.
— Мы, як звычайна, вырашылі перад школай праверыць дзіцяці зубы. Запісацца вырашылі да доктара, да якога хадзілі на працягу апошніх пяці гадоў, — распавядае мужчына. — Аднак нам паведамілі, што ў гэтай клініцы перасталі аказваць паслугі для дзяцей, якім меней за 18. Мяне папярэдзілі, што лепш ехаць у Мінск: у Жодзіна запісацца немагчыма.
Абодва суразмоўцы сказалі, што выхад са становішча ёсць — дзяржаўныя дзіцячыя стаматалогіі. Аднак, з іх слоў, у іх не аказваюць платныя паслугі і заплаціць за пломбу палепшанай якасці нельга.
Журналісты вырашылі самі праверыць, ці можна запісаць дзіця на прыём да стаматолага, і патэлефанавалі ў 7 сталічных стаматалогій (у тры з іх спрабавала запісаць дзіця Алена). Сітуацыя не аказалася крытычнай: у чатырох iм сказалі, што дзяцей прымаюць, у двух — толькі дарослы прыём, а ў яшчэ адной пачнуць прымаць дзяцей з верасня.
Але хутка звадзіць дзіця да дантыста не атрымаецца: у некаторых клініках вольны час ёсць толькі ў другой палове жніўня і ў верасні.
Пра тое, што адбываецца з прыватнымі клінікамі, даведаліся ў двух стаматолагаў. З іх слоў, працаваць з дзецьмі зараз змогуць выключна спецыялісты з кваліфікацыяй «дзіцячы стаматолаг». У каго яе няма, але ёсць жаданне працаваць з дзецьмі, прыйдзецца прайсці перападрыхтоўку.