«Беларусам пашанцавала — яны могуць цяпер атрымліваць звышдаходы». А ў чым падвох?

Што адбываецца з эканомікай у Беларусі і ў чым лепш захоўваць грошы? 

06.08.2024 / 07:00

На адно працоўнае месца цяпер прыпадае менш за аднаго кандыдата. А рэальнае беспрацоўе дасягнула шматгадовага мінімуму ў 3%.

Доктар эканамічных навук, акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі на канферэнцыі «Новая Беларусь» патлумачыў, што прычынай таму два трэнды: дэмаграфічны спад і масавая эміграцыя пасля выбараў 2020-га і вайны 2022 года.

У апытаннях бізнэс сваёй галоўнай праблемай называе недахоп работнікаў.

«Даводзіцца браць кадры, якія ёсць, па больш высокім заробку», — адзначае эканаміст.

На недахоп людзей урад рэагуе адміністрацыйнымі метадамі — спрабуе замацаваць работнікаў у дзяржаўным сектары. Гэта значыць, што ў прыватным бізнэсе будзе яшчэ большы дэфіцыт кадраў.

Эканаміст Леў Львоўскі. Фота: «Наша Ніва»

Эканаміст адзначае, што рэальныя даходы з 2021 года з улікам інфляцыі выраслі на 16-17%, за гэты год — на 10-12%.

«З аднаго боку, беларусам пашанцавала — яны могуць атрымліваць гэтыя звышдаходы. Яны растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць працы, чым ВУП агулам», — кажа Львоўскі.

Гэта стымулюе спажывецкі бум і сведчыць аб перагрэве эканомікі.

«Людзі больш спажываюць, і ёсць сур'ёзная праблема са зберажэннямі, якасць якіх заўсёды была невысокая, бо ніколі не быў развіты інвестыцыйны рынак.

Але сёння становішча стала яшчэ горшым: даляры зберагаць у банку практычна немагчыма, пад падушкай складана. На гэтым фоне назіраецца бум набыцця нерухомасці — усё ўкладаецца ў бетон».

Беларусы, заўважае Львоўскі, рэдка сутыкаліся з тым, як таннее нерухомасць. Але ў будучым гэтыя кватэры могуць аказацца нікому не патрэбнымі праз змяншэнне колькасці насельніцтва. У выніку цэны могуць упасці.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, як змяняюцца нашы пакупкі з ростам даходаў.

«Калі беларусы пачынаюць багацець, яны спачатку пачынаюць больш спажываць звычайных тавараў. З нейкага моманту яны пераключаюцца на замежныя. І гэта з'яўляецца фактарам, што будзе ціснуць на бягучы баланс і абменны курс», — тлумачыць эканаміст.

Ва ўмовах татальнага кантролю цэн рост заробкаў, на погляд Львоўскага, — галоўны фактар будучых негатыўных наступстваў. У выніку на фоне агульнага росту вытворчасці ў прадпрыемстваў падае прыбытак, яны пачынаюць «праядаць» абаротныя сродкі. Па афіцыйных звестках, каля 30% прадпрыемстваў цяпер працуе без абаротнага капіталу. У будучым гэта можа прывесці да сур'ёзных наступстваў, аж да банкруцтваў.

«Трэба разумець, што праблемы з прыбыткам, тое, што прадпрыемствы не могуць павышаць цэны, не размазаны тонкім слоем па ўсёй эканоміцы. Яны асабліва сканцэнтраваныя ў некаторых галінах, у якіх ніяк нельга дыверсіфікавацца. Гэта прывядзе да таго, што банкруціцца будуць ланцужкамі цэлыя падындустрыі», — папярэджвае эканаміст і заўважае, што крызіс можа абмінуць, калі будзе своечасова адменена сістэма кантролю цэн.

«Гэта такі штучны крызісны момант, які ствараецца рукамі дзяржавы. І пытанне, ці паспее яна заўважыць, калі ўсё будзе падыходзіць да краю», — гаворыць Львоўскі.

Як захоўваць грошы?

Ва ўдзельнікаў дыскусіі па эканоміцы на канферэнцыі спыталі, як яны раяць захоўваць зберажэнні.

Леў Львоўскі параіў захоўваць грошы ў інструментах, якія знаходзяцца па-за юрысдыкцыяй Беларусі. А калі такой магчымасці няма? «Сфарміраваць збалансаваны кошык з дадаткам садавіны», — пажартаваў Львоўскі.

Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч падтрымаў ідэю і параіў ні ў якім разе не захоўваць зберажэнні ў беларускіх рублях.

Журналістка Вольга Лойка лічыць, што калі ёсць лішнія грошы, то варта ўкладваць іх у сябе:

«Навучыцеся чаму-небудзь, скончыце курсы танцаў, спеваў, вышыўкі, вывучыце англійскую ці кітайскую».

Абваліўся фінансавы рынак Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна

Прадпрымальнікаў і самазанятых чакаюць непрыемныя сюрпрызы па выплаце ўнёскаў у ФСАН

Урад абяцае ў год прэзідэнцкіх выбараў падняць зарплаты медыкаў да 150, а настаўнікаў — да 100% ад сярэдніх

Nashaniva.com