Фондавы рынак ЗША адкрыўся з рэзкага падзення

У мінус пайшлі асноўныя біржавыя індэксы, аднак такога буйнога падзення, як раніцай у Японіі, не здарылася.

05.08.2024 / 18:05

Фота: Wikimedia Commons

У пачатку таргоў у ЗША індэкс Dow Jones упаў прыкладна на 2,8%, S&P 500 — на 4,1%, Nasdaq — на 5,7%.

Пры гэтым амерыканскі фондавы рынак не трапіў у піке, у якім апынуўся японскі: раніцай індэкс Nikkei абваліўся больш чым на 12% і паказаў рэкорднае падзенне з «чорнага панядзелка» 1987 года, нагадвае Bild.

Рэзкае падзенне справакавала нечакана песімістычная справаздача па рынку працы ў ЗША, якая выйшла перад выходнымі. Яна ўзмацніла асцярогі з нагоды скарачэння вытворчасці ў Злучаных Штатах і спрагназавала значнае запаволенне тэмпаў росту сусветнай эканомікі.

Удзельнікі рынка таксама лічаць, што Федэральная рэзервовая сістэма ЗША прапусціла зручны момант для зніжэння працэнтных ставак і можа зрабіць гэта занадта позна. Так званы барометр страху Vix, які вызначае настроі на Уол-стрыт, цяпер знаходзіцца на самым высокім узроўні з 2020 года, калі пачалася эпідэмія каранавіруса.

У Еўропе цэны на акцыі 5 жніўня таксама пайшлі ўніз. Вядучы індэкс Германіі — Dax — страціў каля трох працэнтаў, самы вядомы індэкс еўразоны EuroStoxx 50 панёс аналагічныя страты.

Стамбульская фондавая біржа прыпыніла таргі пасля абвалу каціровак

На таргах у Мінску даляр патаннеў на тры капейкі

Абваліўся фінансавы рынак Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна

Nashaniva.com