Прэзідэнт Ірана паабяцаў Шайгу адпомсціць Ізраілю за гібель лідара ХАМАС
Іранскія ўлады выклікалі замежных паслоў у Тэгеране і папярэдзілі, што лічаць «маральным абавязкам» пакараць Ізраіль за гібель Ісмаіла Ханіі ў іранскай сталіцы.
06.08.2024 / 07:09
Масуд Пезешкіян. Фота: Vahid Salemi / AP
Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян на сустрэчы з сакратаром Рады бяспекі Расіі Сяргеем Шайгу заявіў, што Тэгеран абавязкова адкажа Ізраілю на забойства палітычнага лідара ХАМАС Ісмаіла Ханіі, піша РБК.
Па словах Пезешкіяна, яго краіна «ніякім чынам не імкнецца пашырыць маштабы вайны і крызісу» на Блізкім Усходзе, але Ізраіль «відавочна атрымае адказ за свае злачынствы і нахабства».
Як піша Guardian, іранскія ўлады выклікалі замежных паслоў у Тэгеране і папярэдзілі, што лічаць «маральным абавязкам» пакараць Ізраіль за гібель Ханіі ў іранскай сталіцы. 30 ліпеня той прыбыў у Тэгеран на інаўгурацыю Пезешкіяна, а на наступную раніцу, як пісалі Al Hadath і Al Arabiya, быў забіты ў выніку прамога траплення ракеты.
Па даных The New York Times, прычынай смерці Ханіі стала бомба, закладзеная ў доме, дзе ён не раз спыняўся.
Адказнасць Іран усклаў на Ізраіль, краіна не пацвердзіла і не абвергла сваё дачыненне.
В.а. міністра замежных спраў Ірана Алі Багеры Кані заявіў на сустрэчы з замежнымі пасламі што забойства Ханіі стала «парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці Ірана», якое «не можа застацца без адказу». Іранскае дзяржаўнае тэлебачанне таксама ўзмацніла асвятленне крызісу, падкрэсліваючы неабходнасць дзеянняў у адказ.
Axios пісаў, што ЗША і Ізраіль чакаюць удару ў адказ з боку Ірана 5 жніўня.
Sky News Arabia прыводзіў іншую дату — 13 жніўня, калі наступіць дзевятае ава (Ціш'а бе-ав), жалобны дзень у габрэйскім календары, прысвечаны шэрагу катастроф у гісторыі габрэяў.
Іран паабяцаў адпомсціць за забойства кіраўніка ХАМАС «у зручны час і належным месцы»
Іран, Турцыя, хусіты і «Хезбала» пагражаюць Ізраілю пасля забойства лідара ХАМАС
Новы прэзідэнт Ірана прыняў прысягу пад скандаванне «Смерць Амерыцы і Ізраілю»