Вучоныя знайшлі танны і натуральны сродак ад аблысення

Яго крыніца знаходзіцца ў арганізме чалавека і не выклікае пабочных эфектаў.

09.08.2024 / 22:33

Ілюстрацыйнае фота: vecteezy.com

Як піша Science Focus, група вучоных з Універсітэта Шэфілда і Універсітэта COMSATS у Пакістане выпадкова выявіла новы метад лячэння спадчыннага тыпу аблысення, які з'яўляецца найбольш распаўсюджаным у свеце.

Вучоныя даследавалі ўплыў монацукрыду дэзаксірыбозы (2dDR), якая з'яўляецца часткай ДНК, на загойванне ран. У час доследаў над мышамі аўтары заўважылі пабочны эфект. Акрамя паскоранага гаення ран на ўчастках скуры, апрацаваных гелем з дэзаксірыбозай, назіраўся паскораны рост валасоў.

Адзначаны эфект вучоныя звязваюць са здольнасцю гэтага монацукрыду садзейнічаць утварэнню новых крывяносных сасудаў, якія павялічваюць прыток крыві да валасяных фалікулаў, што выклікае рост валасоў. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Frontiers in Pharmacology.

Аўтары адзначаюць, што для таго, каб даследаваць выяўлены эфект глыбей, яны стварылі мадэль страты валасоў у мышэй. Для гэтага ім рабілі ін'екцыі тэстастэрону (вядома, што яго празмерная колькасць з'яўляецца натуральнай прычынай аблысення ў мужчын), што выклікала страту поўсці. Затым вучоныя рэгулярна наносілі гель з дэзаксірыбозай на скуру, якая была пазбаўленая поўсці.

Эксперымент паказаў, што пасля 21 дня ўжывання гелю валасяное покрыва ў мышэй з аблысеннем па мужчынскім тыпе аднаўлялася на 80-90%, што падобна па эфектыўнасці да наяўнага цяпер на рынку прэпарату для аднаўлення валасоў мінаксідзіла (minoxidil). Але ў адрозненне ад яго, натуральны монацукрыд не мае пабочных эфектаў кшталту лушчэння скуры, свербу ці пякоты.

Аўтары адзначаюць, што даследаванне пакуль знаходзіцца на ранняй стадыі, але першыя вынікі з'яўляюцца шматабяцальнымі. Магчыма, у будучыні з'явіцца новы натуральны сродак для стымуляцыі росту валасоў не толькі пры андрагеннай алапецыі, але і ў выпадку іх страты (у тым ліку броваў і вейкаў) з-за хіміятэрапіі.

Паміж пажадаю і агідаю: валасы на целе ў розных культурах і эпохах

Чаму мы лысеем і што з гэтым рабіць — тлумачыць дэрматолаг

Апыталі дзяўчат, як яны ставяцца да мужчын з лысінай і залысінамі. І пагаварылі з дактарамі

Антось Жупран