Амерыканскую базу ў Іраку абстралялі з савецкай «Кацюшы»
У выніку ўдару пацярпелі як мінімум пяць амерыканскіх вайскоўцаў, адзін з іх атрымаў сур'ёзныя раненні.
06.08.2024 / 20:15
Фота: Wikimedia Commons
Як мінімум пяць чалавек пацярпелі ў выніку ўдару па амерыканскай авіябазе Айн аль-Асад на захадзе Ірака 5 жніўня.
Па вайсковай базе былі выпушчаныя дзве ракеты з савецкай рэактыўнай сістэмы «Кацюша». Ракеты ўпалі на тэрыторыі базы. Невядома, ці звязаная атака з пагрозамі Ірана адпомсціць за забойства лідара ХАМАС, піша Reuters.
Адзін з пацярпелых амерыканскіх салдат атрымаў сур'ёзныя раненні. Ацэнка шкоды ад атакі яшчэ праводзіцца.
Пасля забойства ў Тэгеране кіраўніка палітбюро ХАМАС Ісмаіла Ханіі афіцыйныя асобы Ірана паабяцалі адпомсціць Ізраілю і ЗША, якіх лічаць датычнымі да ліквідацыі Ханіі.
Ірак лічыцца саюзнікам як ЗША, так і Ірана. На тэрыторыі краіны знаходзяцца 2500 амерыканскіх салдат, а таксама іранскія апалчэнцы, звязаныя са спецслужбамі ісламскай рэспублікі.
Улады Ірака хочуць, каб войскі вайсковай кааліцыі на чале з ЗША пачалі вывад з краіны ў верасні і афіцыйна завяршылі працу кааліцыі да верасня 2025 года, пры гэтым некаторыя амерыканскія сілы, верагодна, застануцца ў нядаўна ўзгодненым кансультатыўным статусе.
Багдад з цяжкасцю стрымлівае узброеныя групоўкі, якія падтрымліваюцца Іранам і з 7 кастрычніка дзясяткі разоў нападалі на амерыканскія войскі ў гэтай краіне і ў суседняй Сірыі.
Кіраўнік МЗС Ізраіля рэзка адказаў на пагрозы Эрдагана і апублікаваў здзеклівы калаж
Прэзідэнт Ірана паабяцаў Шайгу адпомсціць Ізраілю за гібель лідара ХАМАС
Іран паабяцаў адпомсціць за забойства кіраўніка ХАМАС «у зручны час і належным месцы»