У Гомелі былыя баксёры выпілі і зладзілі спарынг — усё скончылася трагедыяй

Цяпер былы спартовец апынуўся на лаве падсудных.

06.08.2024 / 12:47

Ілюстратыўны здымак. Фота: міліцыя Гомеля

Два прыяцелі-гамельчукі ў красавіку сустрэліся на вуліцы. Яны вырашылі гэтую сустрэчу адзначыць — купілі алкаголь і адправіліся дадому да аднаго з іх.

Абодва мужчыны — у мінулым баксёры. Прычым адзін з іх быў майстрам спорту, другі — кандыдатам. У нейкі момант прыяцелі, якія добра выпілі, вырашылі зладзіць баксёрскі спарынг, піша «Белка».

Колькі працягваўся бой, невядома. Аднак раніцай мужчына знайшоў таварыша на падлозе без прыкмет жыцця. Экспертыза ўстанавіла, што мужчына памёр ад ацёку галаўнога мозгу. На целе ў яго знайшлі шматлікія пашкоджанні. 

«Спачатку падазраваны сцвярджаў, што нанёс нябожчыку толькі два ўдары ў галаву, ад якіх у яго ўтварыліся сінякі пад вачыма, але ён заставаўся актыўны і працягваў удзельнічаць у застоллі. Толькі пасля азнаямлення з вынікамі судова-медыцынскай экспертызы ён дапусціў, што ўдараў магло быць больш», — распавялі ў гомельскай пракуратуры.

Былому баксёру прад'явілі абвінавачанне ў наўмысным прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі па неасцярожнасці да смерці чалавека. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com