Вядучая БТ, паэтка, уцякач. Як склалася жыццё самых яркіх удзельнікаў дзіцячага «Еўрабачання»?

Як цяпер жывуць тыя, хто некалі прадстаўляў Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні»? У дарослым жыцці яны абралі вельмі розныя шляхі.

10.08.2024 / 16:46

Вольга Сацюк

Вольга Сацюк

Вольга стала першай, каму даверылі выступіць на дзіцячым «Еўрабачанні» ад Беларусі — адбылося гэта ў 2003 годзе. Дзевяцігадовая дзяўчынка з Кобрына спела песню «Танчы» і заняла 4-е месца.

У 2004-2008 гадах Вольга вяла на беларускім тэлебачанні перадачы «Сузор’е надзей», «Вас выклікае спартландыя!». Пасля школы яна зрабіла даволі прадказальны выбар і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва.

У 2021 годзе дзяўчына стала вядучай трэцяга сезона трэвэл-шоу «Селапаляцела». У інстаграме дзяўчына таксама адзначае, што стала «крэатыўнай мамай» дамашняй кавярні «Мама спякла» ў родным Кобрыне.

Ягор Ваўчок

Ягор Ваўчок

Выступ Ягора ў Лілехамеры ў 2004 годзе быў самым горшым за ўсю гісторыю ўдзелу Беларусі ў дзіцячым «Еўрабачанні». З песняй «Спявайце са мною» хлопчык заняў 14-е месяца, найвышэйшы бал, які ён атрымаў, — 4 ад Румыніі.

Скончыўшы школу, хлопец паступіў у БДУ на эканаміста, але займацца творчасцю не кінуў. Ягор гуляў у КВЗ у складзе каманды сваёй ВНУ і нават ездзіў выступаць у Маскву ў вышэйшую лігу.

У 2013 годзе ён удзельнічаў у тэлепраекце АНТ «Акадэмія талентаў» і якраз падчас здымкаў стаў героем крымінальнай хронікі. Тады хлопца моцна збілі ў навагоднюю ноч у родным Мазыры — яму пашкодзілі зубы, вусны, правае вока і зламалі нос. Таму грымёрам прыйшлося вельмі пастарацца, каб схаваць усю гэтую «прыгажосць».

Ягор спяваў у кавер-бэндзе YellowStone, спрабаваў свае сілы на расійскім шоу «Хачу да Меладзэ». Удзельнічаў і ў кастынгах на «Еўрабачанне», але без асаблівага поспеху.

Цяпер вядзе вяселлі ў Мінску і Мазыры. Выхоўвае з жонкай маленькага сына.

Ксенія Сітнік

Ксенія Сітнік

Для Ксеніі Сітнік 2005-ы стаў годам перамог. Спачатку дзесяцігадовая спявачка атрымала Гран-пры на дзіцячым конкурсе «Славянскага базара», а потым прынесла Беларусі першую перамогу на дзіцячым «Еўрабачанні».

Атрымліваць вышэйшую адукацыю дзяўчына вырашыла за мяжой — паступіла на спецыяльнасць «журналістыка і камунікацыя» ў Англа-Амерыканскі ўніверсітэт у Празе. Восем гадоў Ксенія жыла ў Чэхіі. Яна пісала ў інстаграме, што адначасова любіла і ненавідзела Прагу. Там у Ксеніі быў праект, які арганізоўваў стыльныя вяселлі ў сталіцы Чэхіі.

Ксенія — феміністка. У інстаграме яна даволі часта выказвае свае погляды на розныя тэмы, таксама піша вершы.

Пасля Прагі дзяўчына каля двух гадоў жыла ў Дубаі. На пытанне падпісчыкаў у інстаграме, дзе б хацелася жыць на сталай аснове, яна адказала:

— Ніводная краіна для пажыццёвай эміграцыі мне не зможа спадабацца. Быць заўсёды чужым не так проста, як падаецца на першы погляд. Бо шчасліва жыць дома — дарагога варта. Але для падарожжаў увесь свет цудоўны і неабходны.

Сёлета свой 29-ты дзень нараджэння Ксенія сустракала ў Мінску і збірала сябровак у рэстаране Martinique Bar. А цяпер зноў з’ехала з Беларусі.

Андрэй Кунец

Андрэй Кунец

Выступ кучаравага і харызматычнага хлопчыка з Мазыра стаў для Беларусі адным з паспяховых на дзіцячым «Еўрабачанні». У 2006 годзе Андрэй Кунец заняў другое месца.

У 2010 годзе ён выпусціў дэбютны альбом «Новы дзень». Андрэй скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Цяпер ён артыст Маладзёжнага тэатра эстрады. Напрыклад, у верасні Андрэя можна будзе ўбачыць на сцэне тэатра ў музычнай камедыі «Вяселле Рабіновіча», дзе ён грае Ізю.

Аляксей Жыгалковіч

Аляксей Жыгалковіч

У 2007 годзе Аляксей Жыгалковіч прынёс Беларусі другую ў гісторыі перамогу на дзіцячым «Еўрабачанні». Выступаў хлопчык з песняй «З сябрамі», якую сам і напісаў.

Зразумела, што пасля гэтага школьніка накрыла цунамі ўвагі — яго пачалі актыўна запрашаць і на афіцыйныя канцэрты, і на карпаратывы.

Праз гады Аляксей прызнаваўся ў інтэрв’ю, што тое жыццё яму зусім не падабалася. Даводзілася спяваць песні, якія не чаплялі яго, — тагачасныя аўтары пісалі нешта вельмі далёкае ад густаў падлетка. Папулярнасць Аляксей цярпеў, а не атрымліваў ад яе асалоду…

У 13-14 гадоў ён пачаў цікавіцца відэаздымкамі. У 15 пачаў займацца ў кінашколе, а ў 16 ужо зарабляў тым, што рабіў відэакантэнт.

Скончыўшы школу, Аляксей паступіў на спецыяльнасць «рэжысура кіно і тэлебачання» ў Акадэмію мастацтваў. Цяпер, мяркуючы па сацыяльных сетках Жыгалковіча, ён жыве ў Варшаве і мае ўласны праект Zalex Films.

Юрый Дземідовіч

Юрый Дземідовіч

Відэа з конкурснай песняй хлопца з незвычайнай знешнасцю амаль адразу завірусілася.

Але самому Юрыю такая слава не падабалася — ён рос у даволі рэлігійнай сям’і, з трох гадоў пеў у царкоўным хоры. А гледачы бясконца жартавалі, што песняй «Чароўны трусік» можна лёгка выклікаць д’ябла. Таму ў нейкі момант хлопец заявіў, што больш ніколі не будзе выконваць свой галоўны хіт — і стрымаў абяцанне. Нават адмовіўся выступаць на разагрэве ў гурта The Prodigy, калі той прыязджаў у Мінск.

Жыццё пасля дзіцячага «Еўрабачання» і нечаканая папулярнасць сталі сур’ёзным выпрабаваннем для 13-гадовага хлопца.

Два гады таму Юрый распавядаў у інтэрв’ю, што, нягледзячы на тое, што ён заняў на галоўным песенным конкурсе Еўропы толькі 9-е месца, яго завалілі прапановамі аб працы. Юную зорку клікалі выступаць на канцэрты ў розных месцах краіны і нават свету.

І вось у нейкі момант школьнік банальна стаміўся праз тое, што яго жыццё перанасычана падзеямі. Яму хацелася гуляць у футбол і ганяць на ровары, а трэба было жыць па строгім раскладзе, у якім знаходзілася месца для рэпетыцый і бясконцых выступаў, але амаль не прадугледжвалася часу для адпачынку. Сябры клікалі пагуляць у двары, а Юру было нельга, бо трэба было вучыць новы рэпертуар.

Але ён даў рады такой недзіцячай нагрузцы і вырашыў прафесійна займацца музыкай і ў дарослым жыцці. У 17 гадоў у Юрыя зламаўся голас, і ён вырашыў вывучыцца на дырыжора, таму паступіў у Маскоўскую кансерваторыю імя Чайкоўскага.

У 2021 годзе Юрый выступіў дырыжорам-пастаноўшчыкам оперы «Алека» Рахманінава, тады ж стаў выкладчыкам і дырыжорам Маскоўскай кансерваторыі. Цяпер Юрый працуе ў Марыінскім тэатры.

Яму давяраюць дырыжыраваць вядучымі калектывамі Расіі. Расійскія СМІ называюць Дземідовіча «адным з самых яркіх музыкаў новага пакалення». Сам жа хлопец пісаў у інстаграме, што «беларусы робяць Маскву крыху дабрэйшай і ярчэйшай». У ліпені ў яго адбыўся творчы вечар у Паўночнай Асеціі.

Наконт вайны Юрый публічна не выказваўся. У 2017 годзе адпачываў на моры ў акупаваным Крыме і посціў фоты з гары Ай-Петры.

Сваёй другой любоўю пасля музыкі Юрый называе футбол. Ён таксама любіць гуляць у шахматы (мае разрад) і катацца на лыжах.

Лідзія Заблоцкая

Лідзія Заблоцкая

У 2011 годзе песня «Анёлы дабра» прынесла Лідзіі Заблоцкай 3-е месца на дзіцячым «Еўрабачанні». Як і іншыя «еўравізійныя» дзеці, Лідзія стала актыўнай удзельніцай розных афіцыйных канцэртаў і мерапрыемстваў.

Але сваю будучыню дзяўчына бачыла не столькі на сцэне, колькі ў кадры на тэлебачанні — яна марыла пра працу на БТ. У сацсетках Лідзія пісала, што прынцыпова не хацела адчыняць дзверы «Белтэлерадыёкампаніі» з нагі і патрабаваць асаблівых адносін праз «Еўрабачанне».

Яна скончыла факультэт журналістыкі БДУ і размеркавалася на тэлеканал «Беларусь 1». У асноўным робіць сюжэты пра культуру. Сваіх пралукашэнкаўскіх поглядаў Заблоцкая не хавае. Лідзія захаплялася тым, што Купалаўскі тэатр працягнуў працу пасля таго, як адтуль пайшлі артысты, якія былі супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Прызнавалася ў расчараванні ў некаторых артыстах. Асабліва яе абурыў учынак групы NaviBand.

Нядаўна Лідзія пабралася шлюбам з Антонам Малютам, які працуе эканамічным аглядальнікам на БТ. Галоўнае «Так!» маладыя людзі казалі рэгістратарцы шлюбу на тэматычнай фотазоне сярод старых тэлевізараў, якія ярка пафарбавалі і ўпрыгожылі кветкамі. На свяце спяваў расійскі спявак Іван Дзятлаў, пераможца другога сезона музычнага праекта «Фактар.by». А сярод ганаровых гасцей быў Фёдар Драбеня — былы намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце журфака БДУ, які пасля выбараў 2020 года вызначыўся рэпрэсіямі ў дачыненні да студэнтаў і выступаў у судзе ў якасці сведкі па «справе студэнтаў».

Аляксандр Мінёнак

Аляксандр Мінёнак

На дзіцячым «Еўрабачанні-2016» Аляксандр не толькі спяваў, але і спрытна катаўся па сцэне на гіраскутары. Заняў у выніку 7-е месца. Далей творчае жыццё падлетка складвалася даволі паспяхова. Ён быў запатрабаваны і як спявак, і як вядучы, а таксама здымаўся ў рэкламе.

У 2017 годзе Саша Мінёнак стаў удзельнікам чацвёртага сезона ўкраінскага тэлепраекта «Голас. Дзеці». У тым жа годзе ён з сям’ёй пераехаў у Кіеў, бо там бачыў больш магчымасцяў для артыстычнай кар’еры.

Пазней хлопец напісаў у сацсетках: «Калі мы ехалі ва Украіну, нам расказвалі такія жахі, што там нацысты, што, калі ты размаўляеш на рускай, цябе заб'юць, пасадзяць і шмат чаго…» Ён прызнаўся, што першы час крыху баяўся размаўляць — а потым сам здзіўляўся таму, як можна было паверыць гісторыям прапагандыстаў на тэлебачанні.

23 лютага 2022 года спявак атрымаў дазвол на сталае месца жыхарства ва Украіне. А ўжо назаўтра пачалася вайна. Пасля першай ночы ў бамбасховішчы, сям'я вырашыла эвакуіравацца ў Кіеўскую вобласць, а потым з'ехала з краіны.

— Мае сябры, знаёмыя, блізкія не верылі, казалі, што мы самі сябе бамбім, што нас прыйшлі ратаваць, — пісаў у інстаграме артыст. — Многія так і не паверылі нам, і нашы зносіны спыніліся. Мая мама не хацела нікуды з'язджаць, яна хацела застацца ў сваім любімым Кіеве. Вельмі доўга на сувязь не выходзілі нашы знаёмыя і сябры, цэлы месяц мы пражылі ў здагадках і надзеях. Дзякуй Богу, з імі цяпер усё добра.

Эмацыянальны пост Аляксандр скончыў фразамі: «Слава Украіне! Жыве Беларусь!».

Цяпер Аляксандр разам з жонкай-украінкай жыве ў Канадзе.

«Берлін узяты». Закаханыя журналісты БТ адпачываюць у Германіі ФОТЫ

Ксенія Сітнік запісала кавер на песню «Бумбокса»

Памятаеце «чароўнага трусіка»? Ён цяпер працуе дырыжорам і выступае на канцэртах у беларускай амбасадзе

Ганна Стафановіч