16 украінцаў хацелі збегчы ад мабілізацыі ў рэфрыжэратары з тушамі буйной рагатай жывёлы ФОТАФАКТ

Двое прадпрымальнікаў, якія займаліся пастаўкамі мяса з Украіны ў Малдову, вырашылі дадаткова зарабіць. Яны вырашылі вывезці ў аўтарэфрыжэратары 16 мужчын прызыўнога ўзросту.

06.08.2024 / 15:24

Фота: паліцыя Адэскай вобласці

Паліцыя Адэскай вобласці высветліла, што двое 39-гадовых замежнікаў, якія займаліся перавозкай з Украіны мясной прадукцыі, арганізавалі незаконную перапраўку праз мяжу мужчын прызыўнога ўзросту. Яны схавалі ў рэфрыжэратары з мясам буйной рагатай жывёлы 16 ваеннаабавязаных мужчын і спрабавалі вывезці іх праз адзін з пунктаў пропуску ў Малдову.

За свае паслугі кожны «кліент» павінен быў заплаціць прадпрымальнікам ад 6000 да 8000 даляраў. Акрамя таго, яшчэ па 2000 еўра яны планавалі атрымаць ад ахвотных паставіць у пашпарце штамп аб законным уездзе на тэрыторыю суседняй краіны. Гэтую здзелку павінны былі арганізаваць ужо за мяжой.

Паліцыя канфіскавала грузавік, тавара-транспартную дакументацыю, тэлефоны.

Заведзеная крымінальная справа. Гора-прадпрымальнікам пагражае да 10 гадоў, але іх могуць выпусціць пад заклад 10 мільёнаў грыўняў (245 тысяч даляраў)..

Nashaniva.com