Продажы машын у Беларусі пабілі трохгадовы рэкорд
Аўтамабільная асацыяцыя БАА апублікавала статыстыку продажаў новых аўтамабіляў у Беларусі ў ліпені 2024 года. Паводле яе, месячныя ліпеньскія продажы склалі 4 763 адзінкі, што з'яўляецца рэкордным паказчыкам за апошнія тры гады.
06.08.2024 / 19:33
Фота ілюстрацыйнае
Продажы ліпеня 2024 года перавысілі аналагічныя за мінулы год больш чым у 2,5 разы, а сумарныя продажы 25 071 новых аўтамабіляў за 7 месяцаў года ўжо практычна дасягнулі выніковых лічбаў, атрыманых за ўвесь 2023 год, сцвярджае БАА.
Адну з прычын гэтага ў асацыяцыі бачаць у тым, што ў апошнія месяцы пачалі дзейнічаць строгія абмежаванні на ўвоз аўтамабіляў у Беларусь з аб'ёмам рухавіка больш за 1,5 літраў, гібрыдаў і электрамабіляў. Таму
«афіцыйныя дылеры БАА імкнуцца насыціць рынак новымі даступнымі аўтамабілямі, што ўжо відаць па выніках продажаў апошняга месяца».
Калі тэндэнцыя захаваецца, то «пры ўмове захавання дзейных у нашай краіне ўмоў для вытворчасці і імпарту, штомесячныя продажы новых аўтамабіляў у Беларусі могуць дасягнуць паказчыка ў 9 000 адзінак».
Акрамя таго, адзначаецца амаль дзесяціразовы рост продажаў электрамабіляў — за 7 месяцаў колькасць прададзеных электракараў склала 1261 штук. На гэта ўплывае акрамя іншага наяўнасць у прапановах афіцыйных дылераў мадэляў электрамабіляў з павялічаным запасам ходу.
Польшча не збіраецца забараняць уезд машын з беларускімі нумарамі
У Італіі ў беларуса забралі машыну за 35 тысяч еўра
У Беларусі будуць збіраць яшчэ адно кітайскае аўто — прэміяльнае