Археолагі кажуць, што знайшлі самыя старажытныя могілкі каменнага веку ў Беларусі

Востраў пасярод вялікага возера Сялява, што ў Крупскім раёне, у эпоху мезаліту злучаўся з берагам перашэйкам, а цяпер адрэзаны ад сушы, піша Sputnik.

07.08.2024 / 13:41

Возера Сялява ў Крупскім раёне, а дакладней востраў на ім, у гэтым сэнсе сапраўдная знаходка. Рэч у тым, што, калі ў эпоху мезаліту, а затым і неаліту яго засялялі людзі, ён быў паўвостравам, і толькі ў XX стагоддзі стаў востравам, што і адыграла на руку навукоўцам.

Чыстыя помнікі

«На сёння на гэтым востраве вядомыя тры археалагічныя помнікі. Два з якіх больш за 20 гадоў даследаваліся археолагам Вадзімам Шадырам. Ён вывучаў селішча і гарадзішча ранняга жалезнага веку», — распавёў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Аляксандр Вашанаў

Паводле яго слоў, у ходзе даследаванняў гэтых помнікаў былі выяўленыя знаходкі, звязаныя непасрэдна з днепра-дзвінскай культурай жалезнага веку (VIII стагоддзе да н.э. — IV стагоддзе н. э.) і раннім сярэднявеччам.

У ходзе навуковай разведкі на востраве два гады таму быў знойдзены новы помнік, які цяпер вядомы ў навуковым асяроддзі як Клішына-3. Ён складаецца з дзвюх тэрас, якія размяшчаюцца на розных узроўнях. Гэта ранні мезаліт 10-7 тысячагоддзя да н. э. кундскай культуры на верхняй тэрасе, а ля самай кромкі вады знаходзіцца тэраса са знаходкамі ранняга неаліту 6 тысячагоддзя да н.э., якія адносяцца да нарвскай культуры.

«Гэтыя помнікі каштоўныя тым, што з'яўляюцца «чыстымі», гэта значыць на іх няма напластаванняў пазнейшых культур і яны не змяшаныя паміж сабой. Даследаванне такіх помнікаў дазваляе атрымаць поўную карціну пра помнік без чужародных прымешак. Гэта важна для разумення стратэгій жыццядзейнасці людзей той эпохі і іх тэхналагічных магчымасцяў», — растлумачыў Аляксандр Вашанаў.

Пры гэтым ён удакладніў, што гэта датычыцца і тэхналогій вытворчасці керамікі, крамянёвых прылад. Нарвская культура з'яўляецца правапераемніцай кундскай і тут важным адрозненнем якраз з'яўляецца здольнасць вырабляць кераміку.

Цікавым адрозненнем прадстаўнікоў кундскай культуры з'яўляецца спосаб вырабу рэчаў з крэменю. У эпоху мезаліту на беларускай тэрыторыі толькі яны атрымлівалі вырабы не пры дапамозе ўдару, а з дапамогай ціску, калі камень расшчапляўся.

Самая старажытная магіла

У гэтым сезоне ўдалося знайсці на верхняй тэрасе касцяную падвеску — гэта вельмі важна, улічваючы, што на помніках, якія даследаваў Вадзім Шадыра, было знойдзена каля 120 такіх рэчаў і раней іх інтэрпрэтавалі ў сувязі з больш познімі эпохамі (жалеза і бронзы).

«Цяпер мы ведаем пра прамую сувязь помніка Клішына-3 і гарадзішча, дзе таксама вядомы культурны пласт эпохі ранняга мезаліту», — адзначыў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства.

Пасля чаго дадаў, што ў 2019 годзе ў Беларусі быў навуковы праект па вывучэнні старажытнага ДНК чалавека. У рамках яго рэалізацыі ўдалося датаваць тры пахаванні з Гарадзішча на востраве на возеры Сялява. Усяго падчас вывучэння гарадзішча Вадзім Шадыра выявіў восем пахаванняў рознай ступені захаванасці. Пахаванні былі розначасовымі ад мезаліту да ранняга сярэднявечча.

Nashaniva.com