У Мазыры перад прыездам Лукашэнкі двойчы за дзень паказальна затрымалі работніка НПЗ

У затрыманні ўдзельнічалі служба аховы прадпрыемства і ГУБАЗіК.

07.08.2024 / 14:51

Работніка Мазырскага НПЗ Ігара Шуканава двойчы паказальна затрымалі 1 жніўня — перад прыездам у горад Лукашэнкі.

Першае затрыманне 61-гадовага мужчыны праводзіла служба бяспекі МНПЗ — «балалаеўцы». Народная назва заводскай спецслужбы атрымала па прозвішчы былога супрацоўніка КДБ Уладзіміра Балалаева, які ўзначальваў службу бяспекі прадпрыемства з сярэдзіны 1990-х і да 2021 года, піша «Флагшток».

На прахадной супрацоўнікі аховы НПЗ высадзілі Шуканава са службовага УАЗа. А затым проста там яго затрымалі другі раз — ужо супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

Сілавікі чакалі работніка завода на шэрым мікрааўтобусе МАЗ з мінскім нумарам АМ 6046-7. У затрыманні Шуканава ўдзельнічалі пяць міліцыянтаў: двое зрабілі яго захоп і паклалі тварам у асфальт, пры гэтым адзін з іх утрымліваў шыю завадчаніна каленам.

Затрымлівалі Шуканава паказальна і ў мэтах застрашвання ягоных калегаў — сведкамі былі работнікі МНПЗ, якія стаялі на прыпынку.

Шуканава затрымалі за рэпосты незалежных СМІ ў фэйсбуку, у якіх выказвалася нязгода з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 

У той жа дзень 1 жніўня мужчыну асудзілі па другой частцы артыкула 19.11 «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Рашэнне суда невядома. 6 жніўня змесціва асабістай старонкі мазыраніна было выдаленае.

Перад візітам Лукашэнкі ў Мазыры за палітыку затрымалі не менш за 5 чалавек.

Nashaniva.com