Гурцыеў больш не мае шанцаў пазмагацца за бронзу ў тхэквандо на Алімпіядзе

Прадстаўнік Беларусі прайграў сёння ў 1/8 фіналу Сір'ену Равэ, але захоўваў шанцы, каб гэты француз дабраўся да фіналу.

07.08.2024 / 16:24

Георгій Гурцыеў. Фота: НАК Беларусі

Але Сір'ен саступіў карэйцу Тэджуну Паку — 1:2.

Таму Георгій Гурцыеў не трапіў у суцяшальныя паядынкі і пакідае Алімпіяду, паведамляе тэлеграм-канал НАК Беларусі.

З адзінаборстваў у Парыжы застаўся ўдзел у вольнай барацьбе Магамедхабіба Кадзімагамедава, які выступае ў суботу.

У цяжкай атлетыцы ў пятніцу і нядзелю выступяць Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў. 

У чацвер паспрабуе прабіцца ў наступны этап канаістка (дыстанцыя 200 метраў) Юлія Трушкіна.

Байдарачнік Уладзіслаў Кравец (1000 метраў) сёння выйшаў у свой паўфінал.

У беларусаў на Алімпіядзе — тры медалі: золата і срэбра батутыстаў Івана Літвіновіча і Віялеты Бардзілоўскай, срэбра ў весляра Яўгена Залатога.

Nashaniva.com