Выйшаў на волю палітвязень Руслан Акостка

На волю выйшаў 34-гадовы былы дэсантнік Руслан Акостка, якога 15 лістапада 2020 года асудзілі на 4 гады зняволення. Пра вызваленне Руслана паведамілі ў сацсетках.

07.08.2024 / 17:02

Руслан Акостка. Фота: «Вясна»

Руслан Акостка паходзіў з вёскі Заўшыцы Салігорскага раёна, да затрымання ён працаваў у Салігорску ахоўнікам у супермаркеце Green.

15 лістапада 2020 года ён здолеў прайсці амаль праз увесь горад з бел-чырвона-белым сцягам. Такім чынам мужчына адзначыў акцыю ў памяць пра забітага Рамана Бандарэнку. Тады яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і змясцілі ў ізалятар.

16 лістапада 2020 года суд Салігорскага раёна пастанавіў пакараць яго за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а пасля яго так і не выпусцілі, бо завялі крымінальную справу.

Па словах сваякоў, на Руслана 30 лістапада 2020 года распачалі крымінальную справу па арт. 363 КК за супраціў падчас затрымання супрацоўнікам РАУС і нанясенне цялесных пашкоджанняў, якія не панеслі за сабой цяжкіх наступстваў і шкоды здароўю супрацоўніку РАУС.

Суд праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме ў напружанай абстаноўцы і пры незвычайнай актыўнасці сілавікоў. Абвінавачваны віну ў здзяйсненні супраціву супрацоўніку міліцыі з ужываннем гвалту не прызнаў.

Суддзя Алеся Серадзенка 4 лютага 2021 года агучыла прысуд: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і матэрыяльная кампенсацыя ў памеры 2 000 рублёў.

Пасля ўжо ў віцебскай калоніі № 3 «Віцьба» ў 2022 годзе супраць Руслана завялі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Віцебскага раённага суда Міхаіл Зубеня асудзіў яго яшчэ на год калоніі. 

У сярэдзіне ліпеня 2022 года стала вядома, што Руслана накіравалі ў глыбоцкую ПК № 13, а ў пачатку студзеня 2023 г. палітвязня перавялі ў ПК № 9 у Горках.

Прысуджаныя яму тэрміны ён адбыў цалкам.

Выйшаў на волю палітвязень Дзяніс Пішчала

Нядаўна вызвалены блогер Vadimati паведаміў пра анкалагічнае захворванне

Выйшаў на волю палітзняволены бізнэсмен Багдан Каравец

Пасля 2 гадоў зняволення выйшаў на волю старшыня АГП Мікалай Казлоў

Nashaniva.com