У чым беларусы захоўваюць грошы? Вынікі апытання могуць здзівіць

У крыптавалюту ўкладаюцца больш, чым у нерухомасць.

08.08.2024 / 09:04

Апытанне даследчага цэнтра BEROC праводзілася ў ліпені 2024 года. 64% рэспандэнтаў адказалі, што адкладаюць частку сваіх даходаў. Як яны захоўваюць зберажэнні?

Два самыя папулярныя спосабы — наяўныя грошы ў замежнай валюце і ў беларускіх рублях. Прычым колькасць тых, хто так робіць, амаль аднолькавая — 47% і 46% тых, хто адкладае заробак, адпаведна.

З тых, хто зберагае ў валюце, пераважная большасць з абірае даляр (90%). Пасля ідзе еўра (38%) і расійскі рубель (14%).

На трэцім месцы са спосабаў зберажэння — банкаўскі дэпазіт у беларускіх рублях (21% з ліку тых, хто адкладае).

Банкаўскія дэпазіты ў валюце трымаюць 8% апытаных, якія захоўваюць грошы.

Як беларусы захоўваюць зберажэнні — вынікі апытання. Рэспандэнты маглі абраць некалькі адказаў. Інфаграфіка: BEROC

Іншыя спосабы менш папулярныя ці менш даступныя. Так, напрыклад, у нерухомасць укладаецца 3% з тых, хто мае зберажэнні (а ў нерухомасць за мяжой — 1%), у крыптавалюту — 5%. 

Калі паглядзець на тое, як беларусы хацелі б захоўваць грошы, то куды больш аддалі б перавагу купляць маёмасць і куды менш — трымаць зберажэнні ў беларускіх рублях.

Nashaniva.com