Раніца 8 жніўня: Украіна кантралюе Суджу, Коранева ўзяць не ўдалося, УСУ рухаюцца ў кірунку Льгова
Перадавыя групы ўкраінскіх войскаў спрабуюць перарэзаць дарогу Суджа—Льгоў прыкладна пасярэдзіне, за 20—30 км ад мяжы з Украінай.
08.08.2024 / 11:56
Карта баёў у Курскай вобласці па стане на вечар 8 жніўня ад расійскага праваеннага ваенкара Юрыя Падалякі
«Коранева за намі. Пры гэтым праведзеная поўная эвакуацыя цывільнага насельніцтва (пачалася яшчэ ўчора ўвечары);
Суджа па-ранейшаму пад супернікам (былі жаданні лампасаў (генералаў — НН) вызваліць яе за ноч і як бы нічога і не было — але не)», — піша тэлеграм-канал «Romanov Лайт».
Ён таксама зазначае, што ўкраінцы падцягнулі рэзервы, тэхніку, гаруча-змазачныя матэрыялы, узмацнілі СПА.
«У выпадку сустрэчы сур'ёзнага супраціву — не спыняюцца, а актыўна манеўруюць, абыходзячы небяспечныя для сябе ўчасткі», — дадае аўтар.
Інфармаваны канал «Рыбарь» па стане на вечар 7 жніўня паведамляў пра інтэнсіўныя баі ў раёне населеных пунктаў Локня, Малая Локня, Кругленькае, Мікольскі, дзе расійскія войскі стварылі лінію абароны кірунку на горад Льгоў з поўдня.
Блогер Пазнякоў уранку 8 жніўня паведаміў пра тое, што ўкраінскія войскі ўжо занялі Казачую Локню і Кругленькае. Ён заяўляе таксама, што расіяне абараняюцца каля Коранева — райцэнтра на дарозе Суджа—Рыльск.
Украінскія вайскоўцы раніцай у сераду былі ў вёсцы Іўніца Курскай вобласці, паведаміў яшчэ адзін праваенны тэлеграм-канал «Два майора». Па інфармацыі канала, у вёсцы было шэсць ці сем танкаў.
Іншы z-канал «Міг Россіі» паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы выйшлі на дарогу Суджа—Льгоў у раёне вёскі Анастасьеўка. «Два майора» пішуць, што ў гэтай вёсцы ідзе стралковы бой.
Гэта азначае, што перадавыя групы ўкраінскіх войскаў спрабуюць перарэзаць дарогу Суджа-Льгоў прыкладна пасярэдзіне, за 20—30 км ад мяжы з Украінай.
Захоп украінцамі Рыльска дазволіў бы ім выйсці да Льгова з захаду. А наступны за Льговам горад — гэта Курчатаў з Курскай АЭС.
Варта адзначыць, што ў раёне Суджанскай газаразмеркавальнай станцыі і ўздоўж магістральнага газаправода, а таксама ў раёне АЭС расіяне не могуць дазволіць сабе ўжываць планіруючыя авіябомбы — іх галоўны козыр на гэтым этапе вайны.
Застаецца няясным, ці ўкраінцы маюць сілы для таго, каб пашырыць прарыў і ці паспрабуюць яны выйсці на лінію ракі Сейм і да Курскай АЭС.
Баі ў Курскай вобласці — якія мэты могуць пераследваць УСУ?
Як глыбока прасунуліся ўкраінцы ў Курскай вобласці да вечара 7 жніўня?
Прапагандыст Яўген Паддубны знаходзіцца ў цяжкім стане