Расія і Кітай пераходзяць на бартар з-за санкцый
Дзве краіны спрабуюць абмежаваць выкарыстанне банкаўскіх сістэм.
08.08.2024 / 13:28
Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін. Фота: Сяргей Савасцьянаў, Крамлёўскі пул Sputnik, фота праз AP
Расія і Кітай хочуць перайсці на бартар, каб пазбегнуць пагрозы санкцый і абмежаваць выкарыстанне банкаўскіх сістэм, якія кантралююцца ЗША.
Пасля двухбаковых затрымак плацяжоў паміж Расіяй і Кітаем, звязаных з пагрозай санкцый з боку ЗША, з'явіліся абыходныя шляхі ў выглядзе невялікіх кітайскіх рэгіянальных банкаў, але праблемы з плацяжамі ўсё роўна застаюцца, піша Медуза са спасылкай на Reuters.
Бартэрны гандаль дазволіць Маскве і Пекіну паменшыць празрыстасць двухбаковых транзакцый для заходніх рэгулятараў і абмежаваць валютныя рызыкі.
Дзве бартарныя здзелкі, звязаныя з сельскай гаспадаркай, па даных крыніц Reuters, чакаюцца ўжо гэтай восенню. Аб падрыхтоўцы бартэрнай схемы паведаміў топ-менеджар буйнога расійскага банка, які адмовіўся раскрыць падрабязнасці. Суразмоўца ў расійскай прамысловай кампаніі распавёў, што абмяркоўваецца экспарт металаў з Расіі ў абмен на абсталяванне з Кітая.
Бартэрны гандаль, са слоў крыніцы ў расійскім урадзе, прапануе выхад з праблемнай сітуацыі з аплатай як падсанкцыйных, так і грамадзянскіх тавараў. Паводле яго слоў, перспектывы ў гэтай галіне не палепшыліся нават пасля паездкі Уладзіміра Пуціна ў Кітай у маі 2024 года.
Празрыстасць традыцыйных схем аплаты суразмоўцы Reuters называюць стрымальным фактарам для двухбаковага кітайска-расійскага гандлю. У Расіі і Кітая няма механізму прамых плацяжоў. Варыянтам для банкаў, якія не трапілі пад санкцыі, застаецца SWIFT, але са слоў адной з крыніц, гэта «міжнародная банкаўская сістэма, якая цалкам празрыстая ў тым ліку для амерыканцаў».
Reuters адзначае, што ў гісторыі гандлю Расіі і Кітая ўжо былі бартэрныя ўгоды — у 2019 годзе Пекін пагадзіўся абмяняць партыю пальмавага алею з Малайзіі на суму амаль 150 мільёнаў даляраў на будаўнічыя паслугі, прадукцыю з прыродных рэсурсаў, а таксама грамадзянскае і абароннае абсталяванне.
У Мінпрамгандлю Расіі і Міністэрстве камерцыі Кітая не адказалі на запыты агенцтва аб каментары.