Лукашэнка: КДБ, Мінабароны і вертыкаль улады нічога не зробяць без міліцыі

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрамі ўнутраных спраў краін СНД заклікаў згуртавацца і вырашыў падкрэсліць ролю міліцыі, паведамляе яго прэс-служба.

08.08.2024 / 12:59

President.gov.by

«Мы выдатна бачым, як сёння нашы краіны спрабуюць пасварыць і раскалоць знутры. Мы знаходзімся пад прэсам абсалютна незаконных аднабаковых эканамічных санкцый. Супраць нашых народаў вядзецца перманентная гібрыдная вайна. І кожная з краін СНД ужо перажыла хаця б адну каляровую рэвалюцыю, якая па сваёй сутнасці з'яўляецца спробай дзяржаўнага перавароту», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што не стала выключэннем і Беларусь, дзе ў 2020 годзе распачалі спробу бунту і нібыта хацелі «штурмам перавярнуць краіну».

«Разлічвалі, як фашысты, на бліцкрыг. Дзейнічалі па вядомых метадычках. Мы тады не дапусцілі развалу краіны і пачатку ў ёй грамадзянскай вайны. І распачалі шэраг радыкальных крокаў па змяненні сітуацыі ў Беларусі», — заявіў ён.

Адной з найважнейшых задач для дзяржаў — удзельніц СНД і МУС гэтых краін ён назваў процідзеянне як унутранаму, так і знешняму тэрарызму, які набірае абароты асабліва ў сувязі з дзейнасцю Захаду (перш за ўсё ЗША) ва Украіне.

«Там не Украіна робіць гэта ўсё, там робяць усе амерыканцы, рукамі ЗША (усё робіцца)», — чарговы раз высунуў канспіралагічную тэорыю Лукашэнка.

«Барацьба з тэрарызмам — гэта для нас найважнейшая задача. Я заўсёды свайму міністру кажу: без міліцыі мы нічога не зробім. Ні КДБ, ні Міністэрства абароны, ні вертыкаль улады, якая ў нас жорсткая, — ніхто нічога не зробіць без міліцыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што ў МУС усе — ад участковага да міністра — валодаюць поўнай інфармацыяй аб аператыўнай абстаноўцы ў краіне, таму ад іх работы і граматных дзеянняў вельмі многае залежыць у любой краіне.

«Галоўнае — атрымаць папераджальную інфармацыю. Калі яна ад вас паступае, значыць, мы пачынаем дзейнічаць», — растлумачыў Лукашэнка.

Nashaniva.com