«Рыка Крыгер быў упэўнены, што калі не прывядуць Красікава, абмен сарвецца»

Вось што пра асуджанага ў Беларусі да расстрэлу немца распавёў «Люстэрку» экс-палітвязень Кевін Лік, якога на мінулым тыдні мянялі разам з суайчыннікам.

08.08.2024 / 15:33

Рыка Крыгера дастаўляюць у самалёт, каб адправіць у Турцыю, 1 жніўня 2024 года. Скрыншот «РЕН-ТВ»

Кевіну Ліку — 19 гадоў, яго затрымалі, калі ён быў яшчэ школьнікам, за нібыта дзяржаўную здраду. Расійскі суд прысудзіў хлопца да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Лік трапіў у лік 16 зняволеных, якіх абмяняла Расія 1 жніўня.

Хлопец убачыў Крыгера ўжо ў самалёце з Расіі ў Турцыю. Менавіта там, у Анкары, і праходзіў абмен.

— Грамадзяне ЗША і Германіі Пол Уілан, Эван Гершковіч, Патрык Шобель і Крыгер сядзелі бліжэй да пілотаў, а мы, палітвязні, — за фіранкай, таму не маглі кантактаваць, — успамінае палёт Кевін. — І яны заставаліся ў самалёце апошнімі. Нас выпусцілі адразу, а іх пакінулі. Іх адпусцілі, калі на борт падняўся Красікаў. Як мне потым сказаў Крыгер, іх не выпускалі з самалёта да моманту, пакуль ён не з'явіўся.

Рыка быў упэўнены, што калі б таго не прывялі, то, можа быць, яны на абмен бы і не патрапілі.

Далей яны разам ляцелі з Турцыі ў Германію, але падчас гэтага рэйса Ліку і Крыгеру паразмаўляць не ўдалося. Пазнаёміліся яны ўжо ў нямецкай бальніцы, куды іх адвезлі адразу пасля прызямлення, каб абследаваць.

— Рыка распавядаў, што ў дачыненні да яго ў Германіі распачалі крымінальную справу, — сцвярджае Кевін. — Ён тлумачыў, што нямецкія следчыя павінны разабрацца, гэта прадугледжана нейкім Міжнародным пактам праз тое, што Рыка абвінавацілі ў тэрарызме ў іншай краіне. Яшчэ ён казаў, што ў рамках гэтай крымінальнай справы ў яго сяброўкі ці сваячкі (я дакладна не зразумеў) прайшлі ператрусы. Па словах Крыгера, іх праводзіла паліцыя.

Стан Крыгера Лік апісвае як шокавы. Пра свае злыбеды ў Беларусі ён не распавядаў.

— Я не стаў распытваць, бо гэта вялікая траўма і я ўяўляю, што ён перажыў, — кажа Кевін і дадае, што візуальна немец выглядаў нармальна, ран або слядоў збіцця на ягоным твары і целе прыкметна не было.

— Рыка здаўся мне звычайным чалавекам, — працягвае Лік. — Не думаю, што ён нейкі агент спецслужбаў. Ён медык па адукацыі. Мы хадзілі па бальніцы ў суправаджэнні яе супрацоўнікаў, распавядаў пра тэхніку, якая там была, казаў, што сам працаваў у падобным месцы, быў санітарам.

Па словах Кевіна, Крыгер зусім няшмат распавёў пра тое, як апынуўся ў Беларусі, але ў дэталі не паглыбляўся:

— Ён паўтараў, што быў санітарам у Германіі, працаваў дзесьці ў ваколіцах Берліна. Хацеў паехаць ва Украіну ў ролі медыка на добраахвотнай аснове. Казаў, што хацеў ратаваць людзей. Наконт яго дзейнасці, звязанай са спецслужбамі, я нічога сказаць не магу, не паглыбляўся ў гэта. Тым больш, разумееце, у яго цяпер справа ў Германіі і ўсё, што пра яго напішуць, можа быць выкарыстана супраць яго. Я так разумею, што там была правакацыя. Магчыма, з боку спецслужбаў. Але я прыйшоў да гэтай высновы пасля таго, як прачытаў пра ягоную справу ў СМІ. У час размовы з Рыка ў шпіталі я пра гэта нічога не ведаў.

Nashaniva.com