Хрыста Грозеў адказвае, чаму не абмянялі беларускіх палітвязняў

Расследавальнік Хрыста Грозеў у інтэрв'ю Deutsche Welle паразважаў пра ролю беларускага боку ў нядаўнім абмене вязнямі і тое, ці можа падобны абмен паўтарыцца.

08.08.2024 / 17:57

Хрыста Грозеў. Скрын відэа Deutsche Welle

Грозеў кажа, што абмен не быў праведзены ідэальна — яны спрабавалі зрабіць тое, што магчыма.

«Па беларускай тэме — мне відавочна, чаму гэта здарылася. Таму што арышт [нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера] і вердыкт са смяротным пакараннем быў створаны практычна па замове Крамля, як частка канчатковага ціску на Германію, каб Германія пагадзілася выдаць Красікава. Гэта не было сувярэннае рашэнне беларускага дыктатара — гэта была паслуга, якую ён зрабіў», — лічыць Грозеў. 

Ён разважае, што па-добраму Расіі трэба было б уключыць у спісы на абмен і чачэнскіх актывістаў, таму што ахвярай Вадзіма Красікава (афіцэра ФСБ, якога так хацеў вымяняць Пуцін) быў чачэнскі палявы камандзір.

«Шмат было зроблена неідэальна.

Але па беларускай тэме — я думаю, што цяпер ужо арыштаваныя беларускія кадэбэшнікі ў краінах Еўропы, паколькі яны выконвалі заказы па тэрарызме з Крамлю. І думаю, яшчэ больш будзе такіх арыштавана, таму што Крэмль выкарыстоўвае беларускія спецслужбы як пасярэднікаў для таго, каб не пакідаць слядоў.

І я думаю, што гэтыя арыштаваныя павінны быць абмяняныя на беларускіх палітвязняў», — падзяліўся расследавальнік.

Чаму Пуцін так апантаны кілерам Красікавым і быў гатовы яго мяняць нават на Навальнага?

Як праходзілі перамовы, што прывялі да самага буйнога абмену зняволенымі з часу халоднай вайны

Пуцін асабіста сустрэў сваіх вызваленых агентаў у маскоўскім аэрапорце

Nashaniva.com