«Рэжым могуць зацікавіць толькі прафесіяналы». Латушка пра магчымасць абмену палітвязняў на арыштаваных агентаў КДБ

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў выданню «Позірк» выказванні Хрыста Грозева аб магчымых кроках Захаду па вызваленні беларускіх палітвязняў.

08.08.2024 / 23:22

Грозеў гаварыў пра арыштаваных у Еўропе супрацоўнікаў беларускага КДБ і выказаў думку, што «менавіта вось гэтыя арыштаваныя мусяць быць абмененыя на беларускіх палітвязняў».

Латушка, каментуючы гэтыя словы, сказаў:

«Хутчэй гэта магчымы сцэнар. Аднак неабходна разумець, што мы ўкладаем у слова «агент».

Агенты, якія затрыманыя на тэрыторыі шэрагу еўрапейскіх краін і нават асуджаныя на розныя тэрміны зняволення, як, напрыклад, у Польшчы, паводле той інфармацыі, якую мы маем з публічных крыніц, ажыццяўлялі разавыя дзеянні ў інтарэсах спецслужбаў. То бок не з’яўляліся прафесійнымі супрацоўнікамі спецслужбаў.

І наўрад ці іх вяртанне ў Беларусь можа быць у інтарэсах рэжыму Лукашэнкі. Хутчэй за ўсё, яны не валодаюць інфармацыяй, важнай для рэжыму, таму рэжым не будзе змагацца за іх абмен і вяртанне ў Беларусь».

«Калі ж гаворка ідзе пра прафесійных супрацоўнікаў спецслужбаў, афіцэраў, то публічна нам невядома пра такія прыклады затрыманняў на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаваў. Калі ж гэта мае месца, вось тут сапраўды можа з’явіцца матывацыя ў рэжыму вярнуць іх на радзіму», — лічыць палітык.

Ён «не стаў бы выключаць, што на тэрыторыі краін — сяброў Еўрапейскага саюза сярод затрыманых могуць знаходзіцца прафесійныя супрацоўнікі спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі».

«І калі гэта так, то, магчыма, такія варыянты абмену разглядаюцца. Але трэба разумець, што заўсёды яны маюць выключна канфідэнцыйны, закрыты характар», — падкрэсліў Латушка.

Хрыста Грозеў адказвае, чаму не абмянялі беларускіх палітвязняў

«Рыка Крыгер быў упэўнены, што калі не прывядуць Красікава, абмен сарвецца»

Ілля Яшын: Беларускія палітвязні павінны былі стаць часткай здзелкі па абмене

У Польшчы патлумачылі, чаму расійскага шпіёна Рубцова не абмянялі на Пачобута

Ці могуць дэмакратычныя сілы вызваліць палітвязняў праз сваю дыскрэдытацыю? Гэта ілюзія

Nashaniva.com