Тры партыі, якія на выбарах у КР сумарна набралі 165 галасоў, аспрэчылі статус Ціханоўскай

Яны заклікаюць «пачаць дыялог з усімі дэмакратычнымі палітычнымі сіламі».

09.08.2024 / 01:25

Святлана Ціханоўская

Знайшліся яшчэ тры палітычныя сілы, нязгодныя з тым, што Святлана Ціханоўская застанецца нацыянальнай лідаркай і пасля 2025 года.

Гэта партыі «Народная Грамада», Беларуская хрысціянская дэмакратыя, а таксама супольнасць сяброў, якія плануюць стварыць партыю «Краіна для жыцця».

Яны выступілі з сумесным мемарандумам, у якім наракаюць, што рашэнне аб падаўжэнні тэрміну легітымнасці Святланы Ціханоўскай «прынятае без узгаднення з большасцю палітычных структур». А таксама заклікаюць «пачаць дыялог з усімі дэмакратычнымі палітычнымі сіламі».

«Народная грамада» на чале з Яўгенам Вільскім і Беларуская хрысціянская дэмакратыя на чале з Георгіем Дзмітруком на выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання аб’ядналіся ў выбарчы спіс «Салідарнасць». Ён набраў 104 галасы. Гэтага хапіла толькі для перадапошняга месца.

Ніжэй была толькі «Краіна для жыцця» на чале з Віталем Савюком, якая таксама падпісала мемарандум. За гэту палітычную сілу прагаласаваў 61 чалавек.

Агулам іх падтрымалі 165 чалавек (2,46%) удзельнікаў выбараў.

Нагадаем, што ўжо падчас выбарчай гонкі са спісу «Народнай грамады» выключылі двух кандыдатаў. Выявілася, што яны даносілі ў КДБ на іншых апазіцыянераў. Вольга Цішкевіч змагалася з Эдуардам Пальчысам (цяпер прысуджаны да 13 гадоў калоніі), а Павел Бялюцін стучаў на Міколу Аўтуховіча (25 гадоў калоніі). Пасля выкрыцця Вольга Цішкевіч вярнулася ў Беларусь і дала інтэрв'ю на АНТ.

Пракоп'еў, Ягораў і Кныровіч: Мандат Ціханоўскай скончыцца 9 жніўня 2025 года

Хто замест Ціханоўскай? Кныровіч: Канкрэтных прапаноў няма

Пяць «інсайдаў» пра апазіцыю, якія можна даведацца з інтэрв’ю на АНТ даносчыцы Цішкевіч

Двое сяброў «Народнай грамады» пісалі даносы ў КДБ. Хто яны і як тлумачаць сітуацыю?

Ціханоўская будзе мець статус нацыянальнага лідара Беларусі да моманту правядзення свабодных выбараў у краіне

Nashaniva.com