Мінчук са знакамітага фота жніўня-2020 расказаў, як у іхнай счэпцы 9 жніўня апынуўся амапавец

У жніўні 2020 года сусветныя медыі публікавалі фота мінчука, які ідзе па горадзе ў счэпцы з сілавіком, а пасля стаіць перад шэрагам амапаўцаў. Радыё Свабода расказвае, як цяпер жыве Максім.

09.08.2024 / 09:09

Фота Сяргея Гапона / AFP

«У мяне ніколі не было больш шчасьлівага дня»

Максіму (ён просіць не называць ягонага прозьвішча дзеля бясьпекі. — РС) 31 год. Да 2020-га ён быў апалітычны. Але ў пасьлявыбарным жніўні выходзіў на пратэсты. Стаў папулярным здымак Agence France-Presse, на якім ён стаіць у счэпцы з амапаўцам увечары 9 жніўня 2020 году. На фота таксама відаць бацька Максіма і ягоная жонка. Усё адбывалася паблізу Палаца спорту ў Менску.

Па словах Максіма, гэты амапавец хацеў яго затрымаць, але пратэстоўцу ўдалося пераканаць сілавіка гэтага не рабіць. Якімі менавіта словамі Максім заахвоціў сілавіка стаць разам зь імі ў счэпку, мужчына ня памятае. Кажа, што выходзіў на пратэсты на працягу першых трох начэй пасьля выбараў. За гэты час, зь ягоных словаў, здарылася каля 20 падобных сытуацый.

На думку Максіма, большасьць сілавікоў выходзілі разганяць мітынгоўцаў як на працу. Ён мяркуе, што міліцыянты працавалі ня дзеля ідэі і не таму, што ненавідзелі пратэстоўцаў. У некаторых выпадках, зь ягоных назіраньняў, сілавік адводзіў пратэстоўца ўбок і, калі яго ўжо ня бачыў начальнік, адпускаў, а не затрымліваў.

Суразмоўца адзначае, што фота са счэпкай пастаянна трапляе яму на вочы. Цяпер, калі ён знаёміцца ў Эўропе з новымі людзьмі, прыкладам, з гаспадарамі сабакаў на шпацыры, то расказвае ім пра пратэсты ў Беларусі і паказвае фота, на якія трапіў. Кажа, што эўрапейцы часьцей асацыююць пратэсты зь нечым неадэкватным. Таму ён тлумачыць, што ў Беларусі было інакш.

Раздрукаванага фота ў рамцы дома ў Максіма няма. Але ён не выключае, што раздрукуе яго неўзабаве. Ягоныя фатаздымкі з пратэстаў выклікаюць у беларуса «прыемную настальгію».

«Гэта было 9 жніўня. Мы выбралі новага прэзыдэнта. Я быў шчасьлівы. У мяне ніколі не было больш шчасьлівага дня ў жыцьці. У галаве адразу малюецца дэмакратыя. Зараз, вось яна, калі ты не разумееш, што твой сусед — гэта Расея. Я быў наіўны. Але калі глядзіш на гэтыя фота, то бярэ сьвята», — тлумачыць Максім.

«Для кагосьці я стаў сымбалем у гэтай безвыходнасьці»

Прэтэнзій да фатографа, які зрабіў яго публічным, Максім ня мае. Хутчэй наадварот.

«Для кагосьці я стаў сымбалем у гэтай безвыходнасьці», — мяркуе суразмоўца.

Ён расказаў, што адзін беларус, які цяпер жыве ў Вялікай Брытаніі і ня можа вярнуцца ў Беларусь, знайшоў Максіма па гэтым фатаздымку. Адшукаў ягоныя кантакты, патэлефанаваў, выказваў захапленьне ягонымі паводзінамі. Хацеў сустрэцца, прапанаваў перавесьці грошы ці выслаць падарункі.

Фота: Tut.by

На другім фота з пратэстаў відаць, што Максім стаіць насупраць шэрагу сілавікоў са шчытамі. Ён узгадвае, што пасьля гэтага сілавікі пайшлі сьцяной на людзей, білі іх дручкамі. Самога Максіма, паводле ягоных успамінаў, паклалі на зямлю і таксама зьбілі, але не затрымалі. Суразмоўца ня можа ўзгадаць дакладна, што было далей, бо прайшло ўжо чатыры гады. Але дапускае, што яго якраз аддалі ў рукі таго сілавіка, які ўрэшце стаў зь ім разам у счэпку.

Мянчук успомніў, што ў адну з пратэставых начэй побач зь ім разарвалася сьвятлашумавая граната. Калі ўбачыў прылёт, то заплюшчыў вочы. Пры гэтым усё адно пасьля выбуху нічога ня бачыў сэкундаў дваццаць.

На ягоных вачах выбухнула наступная граната. Максім кажа, што бачыў, як мужчыну адарвала ступню. І як у людзей стралялі гумовымі кулямі. Пасьля чаго яны падалі і не падавалі прыкметаў жыцьця. Сьцьвярджае, што ён толькі на свае вочы бачыў на пратэстах больш параненых, чым пра гэта пісалі публічна.

«Я нават рады, што мы прайгралі»

Максім зьехаў зь Беларусі ў верасьні 2020 году, калі зразумеў, што вялікіх пратэстаў ужо ня будзе.

«Я зразумеў, што сэнсу там знаходзіцца ў мяне няма. Нічога карыснага я не зраблю. Можна быць дывэрсантам-адзіночкай. Трэба быць вельмі разумным і вельмі адважным для гэтага. Мяне б, хутчэй за ўсё, пасьля першай жа дывэрсіі знайшлі. Я лічыў, што быў сэнс у «начных войнах» з 9 жніўня і тры наступныя (ночы. — РС). Я браў удзел ва ўсіх», — кажа ён.

У жніўні 2020 году суразмоўца думаў, што беларусы змогуць памяняць сытуацыю ў краіне. Цяпер ён мяркуе, што калі б беларусы пратэставалі з большым гвалтам, то пуцінская армія ўсё адно здушыла б пратэст. У прыклад ён прыводзіць пратэсты ў Казахстане 2022 году і вайну ва Ўкраіне.

Максім значыцца ў базе вышуку Расеі. Зь якой прычыны, ён ня ведае.

«Я нават рады, што мы прайгралі, груба кажучы, зь мінімальнымі стратамі», — кажа суразмоўца.

Чатыры гады чаканьня

У 2020 годзе ў Максіма была віза ў Вялікую Брытанію, таму ён зь сям’ёй зьехаў туды. Ужо амаль чатыры гады яны жывуць у Лёндане. Максім і ягоная жонка цяпер у статусе просьбітаў аб уцякацтве. Заяву падалі адразу, як прыехалі. Яны маюць знаёмых, якія прыехалі пазьней і ўжо атрымалі статус уцекачоў. Ведаюць і тых беларусаў, хто чакаў гэтага статусу восем гадоў. Чаму так, суразмоўца ня ведае.

Праз свой статус Максім ня мае права працаваць у Вялікай Брытаніі. Дзяржава плаціць яму і жонцы дапамогу — прыкладна па 5 фунтаў у дзень на чалавека. Мужчына адзначае, што гэтага не хапае, каб пражыць.

За што сям’я жыве цяпер, ён ня хоча расказваць. Беларус крыху шкадуе, што зьехаў у Англію. Раней ён хацеў паехаць жыць у Аўстралію. Вялікую Брытанію абралі як часовы пункт, але гэты пэрыяд аказаўся даўжэйшы, чым плянавалі.

Бацька Максіма, які таксама ёсьць на вядомым пратэставым фота, прыехаў у Лёндан 2,5 года таму. Ён ужо атрымаў статус уцекача. Займаецца антыкварыятам. У Беларусі яго падчас завочнага працэсу асудзілі за гвалт над беларускім амбасадарам у Лёндане на 10 гадоў зьняволеньня. А таксама ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» у Беларусі.

Сын

Калі Максіму споўнілася 30 гадоў, ён вырашыў, што на наступны дзень нараджэньня хоча сына. Жонка пагадзілася. Праз год нарадзіўся Тэадорас. Цяпер немаўляці некалькі месяцаў. Імя выбіралі адмыслова рэдкае.

«На свой 33-і дзень народзінаў я замовіў яшчэ аднаго сына», — кажа Максім.

За гэты час у сям’і зьявіўся таксама шэры шарпэй Фэні, якога хацела жонка.

На фота 2020 году Максім з дрэдамі. Ён кажа, што абрэзаў іх прыкладна празь месяц пасьля выбараў. Потым часта мяняў фрызуры. Меў кароткія валасы. Апошнім часам адгадаваў быў валасы да плячэй. Цяпер зноў абрэзаў іх каротка.

Праз два гады перастаў баяцца паліцэйскіх

Праз два гады жыцьця ў Лёндане, прызнаецца Максім, ён перастаў баяцца паліцыі на вуліцах. Кажа, што ў Беларусі адчуваў страх перад сілавікамі.

«У Беларусі я жыў з гэтым заўсёды, і да 2020 году. З самых раньніх гадоў школы. У маіх бацькоў было гэтак жа, і ў маіх сяброў з розных слаёў грамадзтва. Я з гэтым жыў, мне здавалася, што гэта нармальна. Цяпер я разумею, што паліцыя — гэта прыемныя людзі. Яны ўсьміхаюцца, заўсёды рады дапамагчы. У першыя два гады гэта проста ламала мозг. Тут паліцыя існуе, толькі каб дапамагаць людзям», — адзначае суразмоўца.

Максім кажа, што яго білі сілавікі і да 2020 году. Ён меў свой Youtube-канал, на якім здымаў пранкі зь сябрамі. Сьцьвярджае, што амаль пасьля кожнага відэа яго зьбівалі або міліцыянты, або ахоўнікі ў мэтро, калі выпуск быў пра мэтро. Або выклікалі на размову ў пастарунак.

«Цябе выклікаюць у міліцыю і размаўляюць, як зь нейкай нікчэмнасьцю. Хоць у мяне не было злых відэа, дзе б я нападаў на людзей ці рабаваў», — кажа Максім.

Адзін з выпускаў быў, прыкладам, пра рэакцыю мінакоў на тое, як дзяўчыну скрадаюць з прыпынку і звозяць на машыне. Дзяўчына была падрыхтаваная, зь іхнай каманды.

Па Беларусі не сумуе

Цяпер Максім не чытае беларускіх навінаў, бо яны пераважна нэгатыўныя.

«Нэгатыву мне хапае ад таго, што Расея робіць з Украінай», — тлумачыць ён.

Пра тое, што адбываецца на радзіме, Максім даведваецца ад знаёмых, якія застаюцца ў Беларусі. Ведае пра выпадкі, калі за данаты людзей караюць па некалькі разоў. Дапамагае беларусам «часам парадай, часам матэрыяльна». Пра тое, што зьехаў, не шкадуе. Вяртацца ў Беларусь ня хоча.

«Пакуль што не было ніводнага дня, каб я такі: «Эх, цяпер бы ў Беларусь!». У мяне Беларусь асацыюецца толькі з паліцэйскім беззаконьнем. У мяне ў галаве адразу чорныя шаломы, дубінкі, і я думаю: навошта?», — адзначае суразмоўца.

На ягоны густ, Брытанія прыгажэйшая і зелянейшая за Беларусь. Кажа, што калі і сумуе, то толькі па Аўстраліі або ЗША.

Nashaniva.com